Гурт «Палац» дасць вялікі канцэрт на Каляды

Гурт «Палац» запрашае жыхароў сталіцы адзначыць Каляды ў клубным фармаце. Канцэрт «Каляды ў вялікім горадзе» адбудзецца 6 студзеня 2014 году ў клубе Re:Public.

Сёлета спаўняецца 15 год праекту лідара гурта «Палац» — «Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам», які летась займеў новую назву і новы фармат. Музычна-тэатралізаваная дзея «Каляды ў вялікім горадзе» цяпер праходзіць у клубных умовах, а не ў канцэртных залях. Гэтым разам для правядзення імпрэзы абраная найвялікшая клубная пляцоўка Мінску — Re:Public.

— Каляды заўсёды святкаваліся людна. Гэта цудадзейная ноч, калі неабходна сабрацца разам і ўшанаваць рух ад мінулага да будучыні. Кожны раз, калі мы ладзім гэту святочную імпрэзу, імкнемся зрабіць гэта аддана, якасна, шчыра. Вельмі задаволены тым, што вечарына прыпадае менавіта на вечар з 6 на 7 студзеня — у сакральны час, — кажа Алег Хаменка.

Адмыслова да каляднага вечара на 6 студзеня гурт «Палац» рыхтуе вялікую сольную праграму — музыкі сыграюць песні з апошняга альбому «Кола грукатала», свае галоўныя хіты ды ўзгадае рарытэтныя рэчы — тыя кампазіцыі, якія не гучалі больш за 15 год. «Сыгралі на рэпетыцыі і ажно расчуліліся, такія крутыя творы, якія апынуліся незаслужана забытымі!» — кажа лідар «Палацу».

Сапраўдную атмасферу свята ў гэты вечар дапамогуць стварыць гурты «Літы талер», «Ветах» і Guda. Таксама гледачам будзе прадэманстраваны сучасны варыянт традыцыйнага каляднага шэсця.

Арганізатары «Калядаў у вялікім горадзе» заклікаюць прыходзіць на канцэрт у карнавальных строях. Пэўных патрабаванняў тут няма — дастаткова проста ўключыць фантазію.

Источник: пресс-релиз

Фото: Анна Юнхова

Группы: