Выйшаў трайны DVD «Тузін.Немаўля» і фільм пра праект

Пабачыў сьвет рэліз «Тузін.Немаўля», які рыхтаваўся два гады. У трайны DVD увайшлі тры беларускія нямыя фільмы з музыкай, якую адмыслова для праекту стварылі Сяргей Пукст, Ilo&friends і Re1ikt, паведамляе Tuzin.fm.

«Тузін.Немаўля» — унікальны праект інтэрнэт-парталу Tuzin.fm і Падляскай опэры і філярмоніі — Эўрапейскага цэнтру мастацтва ў Беластоку. У яго межах тры беларускія выканаўцы — Ilo&Friends, Сяргей Пукст і Re1ikt напісалі арыгінальную музыку да першых беларускіх нямых кінафільмаў — «Прастытутка» (1926), «Кастусь Каліноўскі» (1927), «У агні народжаная» (1929). Сучасныя плякаты да фільмаў стварылі мастакі Васіліса Паляніна-Календа, Лявон Вольскі і Анджэй Ветэшка.

— Цікавасьць праекту ў тым, што музыкі ня проста суправадзілі фільм адвольнымі гукамі, а прапусьцілі гэтыя стужкі празь сябе і нават узялі на сябе сьмеласьць пракамэнтаваць з дапамогай музыкі тое, што адбываецца на экране. Таму гэты паказ можна разглядаць ня як звычайную рэтраспэктыву, а новы актуальны арт-праект, — кажа кіраўнік праекту «Тузін.Немаўля» Сяргей Будкін.

На ўручэньні музычнай прэміі Ultra-Music Awards-2012 «Тузін.Немаўля» быў прызнаны «Праектам году». Жывая прэм’ера праекту прайшла летась у Падляскай опэры і філярмоніі і ў клюбах Loft і «Графіці» (Менск). Дадатковы паказ стужкі «Кастусь Каліноўскі» адбыўся ў межах фэстывалю «Басовішча» ў Мастаўлянах і на фэстывалі Bulbamovie ў Варшаве. Афіцыйная беларуская прэм’ера прайшла ў межах ХХ Міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад», для якой Дзяржфільмафонд Расеі адмыслова прадаставіў усе тры фільмы на кінастужцы.

Цягам гэтага году ўдзельнікі праекту запісвалі сваю музыку да фільмаў на студыях у Менску і Беластоку адмыслова для DVD-выданьня. Аздобай дыску заняўся Анатоль Лазар з студыі «Адліга». Тры дыскі зь фільмамі і музыкай упакаваныя ў бляшанку, стылізаваную пад каробку, дзе захоўвалі кінастужкі — падобным чынам дыскі ў Беларусі яшчэ не афармляліся.

Дыскі выдадзеныя калекцыйным накладам. Знайсьці іх можна будзе на паказах фільмаў з праекту «Тузін.Немаўля», а таксама ў сяброў парталу Tuzin.fm — кнігарні «Логвінаў».

У дыск таксама ўвайшоў фільм Яўгена Шапчыца «Tузін.Немаўля. В-side», у якім распавядаецца пра працу над праектам.

Автор: / Ultra-Music

Темы: