У Мінску пройдзе юбілейны «Калядны фэст»

25 снежня ў мінскім клубе Re:Public пройдзе пяты «Калядны фэст». У гэтым годзе на фестывалі выступяць адразу шэсць гуртоў: «Літы талер», «Стары Ольса», Znich, Litvintroll, Irdorath і Pawa.

Каляды — свята сямейнае, але дадаткова яго можна адзначыць і ў коле сяброў з гучнымі песнямі і народнымі танцамі. З гэтай нагоды пяць гадоў таму з’явілася ідэя зрабіць музычны фестываль, які б арганічна ўпісаўся ў кантэкст старажытнага абрадавага свята. «Калядны фэст» — гэта не толькі своеасаблівая справаздача за год аб развіцці сярэднявечнай і фолк-музыкі ў Беларусі, але і спроба паказаць сувязь сучаснасці з мінулым.

Апроч гуртоў «Літы талер», «Стары Ольса», Znich, Litvintroll, Irdorath і Pawa, у канцэрце возьмуць удзел танцавальныя калектывы «Гістрыён» і «Фламея». Вядучым фэсту стане знаўца беларускіх традыцый і лідэр гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі.

Усе ўдзельнікі канцэрту рыхтуюць сюрпрызы для слухачоў. Гурт Irdorath выступіць у новым абліччы: склад гурта павялічыўся, з’явіліся два новых музыкі, а таксама новыя інструменты. Спэцыяльна для «Каляднага фэсту» гурт падрыхтаваў тры новыя песні на трох розных мовах. Новыя кампазіцыі прадставіць і гурт Pawa — «Беларуская Калядка» і «Беларуская калыбель».

Автор: / Ultra-Music

Фото: Святлана Дубавец

Комментарии: 1
  • Kejs Tut:

    Усё лепшае людзям! Трое з заяўленых гуртоў («Стары Ольса», «Litvintroll», «Pawa») выдалі летась новыя альбомы, а ўсіх аб’ехаць мне не ўдалося. Спадзяюся, сярод каляднага мэрча на канцэрце будуць гэтыя дыскі? Бо я зацяты калекцыянэр, шмат дыскаў з аўтографамі музыкаў маю. Дый «зьнічоўскую» «Мрою» сябра ня можа адшукаць у крамах, зраблю яму падарунак. Лёгка!