Гурт Ride Too Slow запісаў дэбютны EP

Ride Too Slow «Не прощаемся»

Пасля 10-гадовай паўзы некалі фронтмэн мінскіх брыт-рок-каманд The Cranks і «Марки» Мікалай Сапуноў вярнуўся на сцэну з новым гуртом Ride Too Slow. Музыкі прэзентавалі на сайце «Еўрарадыё» дэбютны EP «Мы не прощаемся».

— Напэўна, сказаць, што нейкія сучасныя тэндэнцыі на нас паўплывалі, будзе няпраўдай. Таму што ўплывае ўсё ж тое, што ты пачуў у юнацтве, калі табе 20 гадоў і ў цябе свежыя мазгі, — распавядае Сапуноў, які цягам 10 гадоў працуе ў музычных крамах, на West Records і трымае ўласную музычную студыю. — Я слухаю сучасную музыку, але не скажу, што тое, што мы робім, падобна да яе, і яно, напэўна, не падобнае да таго, што я слухаю. Калі я граў у іншых гуртах, зразумела, што ў той час грымелі Oasis, Verve і «Мумий Тролль», які, дарэчы, таксама паўплываў на рускамоўнасць Ride Too Slow. Бо некалі Ілля Лагуценка сказаў, што спяваць на нашай тэрыторыі па-англійску — гэта тое самае, як спяваць па-руску ў Японіі.

Міньён складаюць 5 песень, якія, як сцвярджаюць музыкі, «самыя гатовыя на дадзены момант, самыя найлепшыя па аранжыроўцы» з таго, што створана за паўгода існавання каманды. Паплечнікі Сапунова — удзельнікі маладых мінскіх каманд Remind, Infracoraline, Milque Twins, The Crystals Максім Грачуха, Аляксандр Савіцкі, Пётр Мінчанка.

— Я заўсёды граў у гуртах, якія спявалі па-англійску, а тут пачуў песні на рускай мове з небанальнымі тэкстамі, — дзеліцца ўражаннямі ад сумеснай працы гітарыст Максім Грачуха. — Мне спадабаўся настрой, які быў у Колевых песнях — вельмі мне блізкі. І я падумаў: чаму б і не? Гэта нешта новае, новы віток у развіцці мяне як чалавека, які грае. Таму я пагадзіўся на прапанову Колі граць разам.

У бліжэйшых планах Ride Too Slow — распачаць канцэртную дзейнасць, у далёка бягучых — трэцімі пасля Каржа і Саладухі сабраць «Мінск-Арэну», а таксама запісаць альбом з нармальным саўнд-прадзюсарам.

— З заходнім, расійскім, украінскім, які б проста паказаў нам, наколькі можна раскрыць гэты матэрыял. У нас таксама ёсць добрыя гукарэжысёры, але рэалізаваць увесь патэнцыял матэрыялу могуць толькі там. Я б хацеў запісаць песню ці альбом, каб яны гучалі, як у Земфіры ці як у заходніх музыкаў, — рэзюмуе Мікалай.

Источник: Еврорадио

Группы: Ride Too Slow

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com