Dzieciuki запісалі дэбютны альбом і прэзентуюць яго ў Менску

Гарадзенскі гурт Dzieciuki запісаў дэбютны альбом «Гарадзенскі гармідар». Канцэртная прэзентацыя рэлізу адбудзецца 22 лютага ў менскім клюбе Re:Public.

Гурт Dzieciuki зьявіўся пару год таму, а ў яго склад увайшлі музыкі з розных знакавых гарадзенскіх гуртоў. У 2012 годзе музыкі выдалі дэбютны EP «Гарадзенскі гармідар». Такую ж назву атрымае і першы паўнафарматны альбом.

— Эпішка нічым прынцыпова не адрозьніваецца ад альбому, яна была проста папярэдніцай. Усе чатыры песьні, якія былі на ёй прэзэнтаваныя, увайшлі ў альбом. Таму і назву не было сэнсу зьмяняць, — распавёў у інтэрвію Tuzin.fm адзін з вакалістаў гурта Алесь Дзянісаў. — EP меў на мэце пазнаёміць з зусім новым гуртом. Назва была прыдумана выпадкова, але для альбому яна падыходзіць найлепей. Канцэптуальнай працы не атрымалася, як плянавалася. Мы творчыя людзі, таму ў які бок пёрла — тое і рабілі. Тут вам і гісторыя, і алькаголь са спортам, гастарбайтары і панкі на танках — сапраўдны гармідар!

Каманда пазыцыянавала сябе ад пачатку, як асьветніцкая фольк-панк брыгада. Але паступова ў рэпертуары сталі зьяўляцца песьні на іншую тэматыку, а таксама вольныя пераасэнсаваньні некаторых вядомых песень. Усяго ў «Гарадзенскі гармідар» увайшлі 11 кампазыцый. Але два гатовыя творы, якія стала прысутнічалі ў канцэртным трэк-лісьце на дыск не трапілі: інструмэнтальную кампазыцыю «Operation Ivy» гарадзенцы не плянавалі зусім уключаць у альбом, а кавэр на песьню Ежы Філаса «Чорны хлеб і гарбата» вырашылі перакінуць на наступны рэліз. Гурт ужо мае матэрыял для новай праграмы, але праца над ім вядзецца марудна.

Цяпер музыкі рыхтуюцца да свайго вялікага канцэрту — прэзэнтацыі альбому «Гарадзенскі гармідар», якая пройдзе ў менскім клюбе Re:Public 22 лютага ў межах праекту «Жывы Тузін», які ладзіць партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі «Будзьма беларусамі».

Источник: пресс-релиз

Группы: