žygimont VAZA выдаў свой апошні альбом

Беларускі гурт žygimont VAZA, чыя гісторыя налічвае больш за 25 гадоў, апублікаваў рэліз «Agromegapolis», апошні альбом у сваёй дыскаграфіі, паведамляе Tuzin.fm. Альбом быў створаны ў 2007, запісаны ў 2008–2011, а выкладзены ў 2014 годзе.

«Agromegapolis» — адзінаццаты па ліку нумарны альбом каманды на чале зь Сяргеем «Скрыпам» Скрыпнічэнкам. Песьні для яго створаныя ў пэрыяд вясны і лета 2007 году. Хутка пачаліся і рэпэтыцыі. Аднак праз занятасьць удзельнікаў ва ўласных асноўных гуртах, працэс запісу расьцягнуўся на доўгі час. На фэстывалі Be Free-2008 музыкі нават выканалі больш за палову новага матэрыялу, аднак студыйная праца ўсё цягнулася і цягнулася. Калі засталося запісаць толькі вакалы, увесь працэс ізноў спыніўся — праз заўчасную сьмерць Вольгі Самусік, якая ўвайшла ў сталы склад каманды і была асноўнаю вакалісткаю.

Урэшце, альбом быў запісаны наступным складам: Скрыпа (вакал, гітара), Кастусь Калесьнікаў (бас), Антон Мацулевіч (бубны). У некалькіх трэках таксама ўзяў удзел гітарыст Павал Яноўскі. На яго студыі «Таксафон» уласна і запісвалася праграма.

Пра наяўнасьць новага альбому Скрыпа казаў яшчэ з чатыры гады таму, але не сьпяшаўся яго паказаць: «Існуе такі мэтад, калі гатовая праца адкладваецца на пэўны час, каб, як кажуць, адляжацца. І праз пэўны перапынак можна было б зрабіць канчатковыя праўкі». Усплыў альбом толькі цяпер: спампаваць «Agromegapolis» можна на сайце Скрыпы.

Пра будучыню праекту пад назваю žygimont VAZA казаць не выпадае. З таго часу, як запісваўся «Agromegapolis» гурт больш не зьбіраўся, не рэпэтаваў і не выступаў. Так што гэты рэліз можна лічыць апошнім у багатай дыскаграфіі гурта, якая налічвае 11 альбомаў. Сяргей Скрыпнічэнка цяпер шчыльна займаецца справамі свайго новага гурта Тhe Blue Devils. І абяцае неўзабаве паказаць цалкам новы матэрыял.

Источник: Tuzin.fm

Группы: