Гурт Pawa зрабіў анімаваную калыханку

Калыханка ад Pawa

Фольк-электронны гурт Pawa прэзентаваў на сайце кампаніі «Будзьма» анімаваную калыханку. Традыцыйная беларуская калыханка, знойдзеная ў адным з этнаграфічных зборнікаў, у выкананні гурта Pawa займела нечаканае казачна-касмічнае гучанне.

Праілюстраваць калыханку, якую музыкі запісвалі для новага альбома, вырашылі раптоўна: песня падалася вельмі вобразнай, прычым у кожнага яна выклікала свае асацыяцыі. Мастачка Марыська Homel аздобіла калыханку карцінкай з анёлам, які засынае ў вялікіх і дбайных каціных лапах, а дызайнер-аніматар Станіслаў Рассоленка надаў малюнку руху і жыцця.

— Мы дарасталі пад знакамітую «Пакрысе на расе патухаюць зоркi-сплюшкi…» — выдатная калыханка. Нашая ж песня традыцыйная, і мы намагаліся паказаць, як ставіліся да свету сноў нашыя продкі. Свет гэты ўяўляўся таямнічым, у снах шукалі адказы на жыццёвыя пытанні і прадказанні. Нашай мэтай было перадаць гэтую сакральную і таямнічую атмасферу, — кажа дудар гурта Юрась Панкевіч. — Апроч таго, калыханка павінная заспакоіць гарэзлівых і непаседлівых дзетак, таму песні гэтага жанру вылучае разгорнуты сюжэт, цікавыя героі і казачныя прыгоды, якія павінныя завабліваць увагу дзіцяці, а ўрэшце завабілі і нас, таму што ўсе музыкі Pawa — насамрэч дарослыя дзеці. Нам будзе вельмі прыемна калі хто з сучасных бацькоў дзякуючы нашай песні зверне ўвагу менавіта на традыцыйныя беларускія калыханкі”.

Источник: Будзьма

Группы: Pawa

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com