Пераможца конкурсу «Заспявай BY» запіша песню з гукарэжысёрам «Океан Ельзи»

Заспявай BY

Партал Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртанне» пры падтрымцы парталу Tut.by абвяшчаюць конкурс для маладых выканаўцаў. Галоўны прыз — аранжыроўка, запіс у студыі ў Мінску і звядзенне песні гукарэжысёрам гурта «Океан Ельзи» і саўндпрадусарам «Ляписа Трубецкого» Ўладам Яруном.

Да ўдзелу ў конкурсе «Заспявай BY: усё для старту!» запрашаюцца творчыя асобы ва ўзросце 15–25 гадоў уключна. У выпадку музычных гуртоў гэтае правіла таксама мусіць выконвацца — узрост усіх удзельнікаў не мусіць перавышаць азначаны цэнз.

Музыкам прапаноўваецца абраць верш сучаснага беларускага паэта на беларускай мове і праспяваць яго ва ўласнай манеры. Музыка павінна быць аўтарская, спевы на чужую музыку і кавэр-вэрсіі не прымаюцца.

— Мы хочам даць шанец выявіць сябе таленавітым маладым асобам і прадаставіць ім магчымасць для годнага старту. Мы хочам, каб моладзь прасякалася і натхнялася добрай беларускай паэзіяй. Каб маладыя людзі адкрылі для сябе беларускі космас ды падзяліліся сваім адкрыццём з усімі, — кажуць завадатары конкурсу мэцэнат Павал Бераговіч і кіраўнік парталу Tuzin.fm Сяргей Будкін.

Песня павінна быць запісана ўжывую ў рок-стылістыцы ў яе шырокім разуменні (поп-рок, брыт-поп, бард-рок, інды-рок, арт-рок, джаз-рок). Дасланыя кампазыцыі разгледзіць журы, складзенае з маладых і паспяховых творцаў, а таксама аўтарытэтных паэтаў і музыкаў.

У склад журы ўвойдуць: сьпявачка Паліна Рэспубліка, Віктар Рудэнка (спявак, кампазытар, лідэр гурта Rostany), музыка і актор Vinsent, Алесь Кот-Зайцаў (вакаліст гуртоў BosaeSonca, Fridance), Уладзь Лянкевіч (паэт, вакаліст гурта Tonqixod), Віталь Рыжкоў (паэт), Алесь Дземідзенка (Re1ikt), Рома Жыгараў (Akute), Алег Хаменка (старшыня журы), Улад Ярун (старшыня журы).

У заяўку з пазнакай «Заспявай BY» неабходна ўкласці:

  • Анкету з пазнакаю: імя і прозвішча, узрост, месца вучобы/працы, кантактны адрас і тэлефон удзельніка. Калі заява падаецца ад гурта, то ўказваюцца звесткі ўсіх яго ўдзельнікаў
  • Дэма-запіс адной (!) песні ў аўдыё-фармаце слухабельнай якасці
  • Фотаздымак выканаўцы ці гурта

Заявы прымаюцца на e-mail [email protected] да 1 траўня ўключна. Падвядзенне вынікаў адбудзецца да 14 траўня 2014 году. Пераможца атрымаюць у якасці прызу «Стартавы пакет», у які ўключаны:

  • Аранжаванне, запіс у студыі ў Мінску і звядзенне песні ўкраінскім саўндпрадусарам Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі») пры ўдзеле прафэсійных музыкаў
  • Прэм’ера песні ў выглядзе інтэрнэт-сынглу на рэсурсах-партнёрах праекту
  • Рассылка па беларускіх радыёстанцыях
  • Магчымасць прадставіць песню ўжывую на адным з канцэртаў у Мінску

Адмысловы прыз журы: прафесійны камплект абсталявання пачатковага ўзроўню Focusrite Scarlett Studio. Па рашэнні арганізатараў ўдзельнікі конкурсу могуць быць дадаткова ўзнагароджаныя іншымі каштоўнымі прызамі.

Источник: пресс-релиз

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на [email protected]