Гурт Kaverin перамог на Emergenza Belarus 2014

Гомельскі індзі-рокавы гурт Kaverin прадставіць Беларусь на фінале Emergenza Russia у Маскве. Музыкі перамаглі падчас фінальнага канцэрта Emergenza Belarus 2014 у клубе «Піраты».

Гурт Kaverin стаў лепшым сярод дванаццаці маладых беларускіх гуртоў, якія прайшлі праз сетку адборачных тураў і змагаліся за магчымасць выступіць на фінале фестывалю ў Расіі. У фінальным канцэрце прымалі ўдзел «Люксы», Steavy Gred, t-U.bus, My Last Solace, Nebulae Come Sweet, «Коктейль Шаляпина», Kaverin, NGe, Steel Razor, Crowblack, Glory і Color Kings.

Глядацкім галасаваннем з усіх удзельнікаў былі вылучаныя шэсць лепшых калектываў. Месцы ў шасцёрцы размяркоўваліся журы, якое складалася з прадстаўнікоў СМІ і арганізатараў канцэртаў. Лепшым быў прызнаны гомельскі індзі-рокавы гурт Kaverin, які і прадставіць Беларусь на фінале Emergenza Russia у Маскве. Другое і трэцяе месца занялі каманды «Люксы» і Glory. Гэта дазволіць ім выступіць на фестывалі «Соседний мир», які адбудзецца ў пачатку жніўня ў Крыме.

Emergenza — найбуйнейшы міжнародны музычны фестываль маладых гуртоў, які праходзіць больш чым у 23 краінах свету. Галоўны прыз фестывалю — удзел у міжнародным фінале ў Германіі на Taubertal Open Air, а таксама грашовыя прызы. Пераможцамі Emergenza Belarus раней станавіліся гурты Nizkiz, Stardust Circus і No Comment Band, але толькі апошнія змаглі прабіцца на Taubertal праз маскоўскі фінал.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Темы: