Беларуская «Этна-фантазія» прагучыць у Маскве

Фолк-спявачка Ірэна Катвіцкая з сольнай праграмай «Этна-фантазія» будзе прэзентаваць культуру Беларусі ў межах VIII Міжнароднага фестывалю «Збіраем сяброў» у Маскве. Выступ адбудзеццац 5 жніўня ў Рахманінаўскай залі, паведамляе сайт Experty.by.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Маскоўская дзяржаўная кансерваторыя імя П. І. Чайкоўскага і навукова-творчы цэнтр «Музычныя культуры свету». Фестываль праходзіць з 2 па 28 жніўня ў Маскве і традыцыйна збірае самыя цікавыя праекты сучаснай сусветнай музыкі. Сярод краін-удзельніц фестывалю прадстаўлены Арменія, Беларусь, Вялікабрытанія, Ізраіль, Іран, Італія, Кітай, Літва, Партугалія, ЗША, Турцыя, Японія і Расія.

— З Маскоўскай кансерваторыяй мяне звязваюць даўнія творчыя ўзаемаадносіны і ўдзел у канцэртах, навуковых канферэнцыях, майстар-класах і радыё-перадачах. Для мяне гэта заўсёды выдатная магчымасць паказаць і традыцыйную культуру, і сучасныя тэндэнцыі ў музыцы Беларусі, — каментуе Ірэна Катвіцкая.

Ірэна Катвіцкая — спявачка, кампазітар і выкладчыца, заснавальніца калектыва Akana-NHS. Альбом «Этна-фантазія» — яе сольны дэбют, які па выніках 2013 года стаў намінантам на «Лепшы фолк-альбом» на ўзнагародах Experty.by, а таксама быў адзначаны сярод найбольш цікавых альбомаў года папулярным расійскім рэсурсам Newsmusic.ru.

— Арганіка ў гэтага сімбіёзу, прыдуманага Ірэнай Катвіцкай, ўзрушаючая. У нейкім сэнсе гэта цалкам працяг традыцыяў «магутнай купкі» ці таго ж Шастаковіча, ўплятаюцца народныя мелодыі ў самыя сур’ёзныя свае творы… Магчыма, перад намі — лепшы альбом этна-музыкі ў гэтым годзе. Прызначаны для выканання ў акадэмічных залах, дзе этна-музыкі адчайна не хапае. І адрасаваны вельмі адукаваным знатакам, — вядзецца ў рэцэнзіі на Newsmusic.ru.

Источник: Experty.by

Группы: