У Менску адбудзецца прэзэнтацыя праекту «Re:Песьняры»

Прэзэнтацыя музычнага праекту «Re:Песьняры» пройдзе ў клюбе Re:Public 12 верасьня. Да ўдзельнікаў праекту на канцэрце далучыцца беларускі дзяржаўны ансамбаль «Песьняры», паведамляе Tuzin.fm.

Праект «Re:Песьняры» прадстаўляюць інтэрнэт-партал Tuzin.fm, фонд «Вяртаньне» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі!» пры падтрымцы газэты «Культура» і парталу Tut.by. Задума праекту ў тым, каб паказаць наколькі паўплывала музыка «Песьняроў» на новае пакаленьне беларускіх музыкантаў. Таму ў ім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных стыляў, ад джазу і авангарду да рэп-музыкі і індзі-року.

— У асноўным гэта гурты, якія пачалі працу ўжо ў новым стагодзьдзі. Падбор менавіта гэтых выканаўцаў невыпадковы — кожны зь іх зьяўляецца ня толькі вартым увагі і арыгінальным музыкам, але яшчэ і цікавай ды яскравай асобай, прадстаўнікамі культурнай эліты краіны. Яны ня толькі музыканты, але разам з тым акторы, мастакі, паэты, пэдагогі, дасьледчыкі… — распавядае кіраўнік праекту Сяргей Будкін.

Кожны зь іх абраў тую самую песьню, якую лічыць найбольш важнай для сябе. Такім чынам, Akute пяюць «Алесю», Pomidor/Off — «Скрыпяць мае лапці», Зьміцер Вайцюшкевіч — «Вераніку», а кавэр-бэнд Detroit — «Чырвону ружу»…

Трэк-ліст праекту «Re:Песьняры» выглядае наступным чынам:

  1. Re1ikt «Жураўлі на Палесьсе ляцяць»
  2. Akute «Алеся»
  3. Akana «Каляда»
  4. Pomidor/Off «Скрыпяць мае лапці»
  5. Tonqixod «Гусьляр» (фрагмэнт)
  6. BosaeSonca «Ты мне вясною прысьнілася»
  7. Cяргей Пукст «Александрына»
  8. Зьміцер Вайцюшкевіч «Вераніка»
  9. Detroit «Чырвона ружа»
  10. Dzieciuki і Пятро Клюеў «А хто там ідзе?»
  11. Палац «Завушніцы»
  12. Хор «Унія» «Пагоня»
  13. SP Kava&Angst «Думалі»

У праекце таксама плянаваўся ўдзел гурта Naka, які абраў для выкананьня «Малітву» на словы Янкі Купалы, але, на вялікі жаль, аўтар арыгінальнай музыкі да гэтай кампазіцыі Алег Молчан катэгарычна забараніў выкарыстоўваць яго твор. Тым ня менш, гурт Насты Шпакоўскай паўдзельнічае ў канцэртнай прэзэнтацыі праекту, якая пройдзе 12 верасьня ў клюбе Re:Public.

У вялікім канцэрце «Re:Песьняры» возьмуць ўдзел гурты Tonqixod, Pomidor/off, Сяргей Пукст, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute, а таксама БДА «Песьняры».

Своеасаблівым лэйтматывам праекту стала песьня «Думалі», якую выконвае дуэт SP Kava&Angst. Менавіта яна гучыць у прома-роліку аўтарства рэжысэра Арцёма Лобача.

— Трэк «Думалі» выглядае на ліст ад прадстаўнікоў сёньняшняга пакаленьня — і Ўладзімеру Мулявіну, і Янку Купалу. Ліст пра час, у якім мы жывем, чым мы жывем і пра тое, якія мы самі. За рытмічную аснову трэка ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы асананснае слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым і быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакаленьню: вялікая колькасьць магчымасьцяў і спосабаў існаваньня і, вядома, у якасьці ключа — малітва за будучыню Беларусі, — кажуць аўтары твору.

Источник: Tuzin.fm

Темы: Re:Песьняры

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com