Фестываль «Камяніца» адбудзецца 6 верасня

Шосты фолк-фестываль «Камяніца» пройдзе 6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам. У гэтым годзе арганізатары плануюць пашырыць культурны напрамак мерапрыемства.

— За гэтыя гады мы адбудавалі якасную музычную праграму фэсту, забавы і рамёствы. Наша наступная мэта — пашырыць культурны напрамак «Камяніцы». Таму мы запрашаем да ўдзелу фатографаў, дызайнераў і мастакоў, якія працуюць у рэчышчы нацыянальнай культуры. Запрашаем адукацыйныя праекты і проста творчых людзей, якія жадаюць паказаць сваю працу шырокай аўдыторыі, — распавядае каардынатар фестывалю Сяргей Чэгрынец. — Свае прапановы дасылайце да 25 жніўня на мэйл [email protected] з апісаннем, прыкладамі і кантактамі.

Склад музыкаў арганізатары плануюць абвесціць у хуткім часе. У фэсце бяруць удзел лепшыя прадстаўнікі беларускай фолк-сцэны і замежныя госці. У мінулыя гады на «Камяніцу» прыязджалі «ДахаБраха» (Украіна), Orkiestra św. Mikołaja (Польшча), «Иван Купала» (Расія), «Фолькнери» (Украіна) і шэраг іншых выканаўцаў.

Фестываль «Камяніца» ладзіцца з 2009 года і мае дабрачынны характар. Усе сродкі ад квіткоў ідуць на рахункі Музея народнай архітэктуры і побыту у вёсцы Азярцо пад Мінскам, дапамагаючы захоўваць самую вялікую ў Беларусі калекцыю аўтэнтычнай драўлянай архітэктуры XVIII–XX стагоддзяў. У гэтым годзе фэст ладзіцца пры падтрымцы ААТ «Банк БелВЭБ».

Источник: пресс-релиз

Фото: Денис Зеленко

Темы: