Конкурсная праграма «Бардаўскай восені» вяртаецца

Фестываль «Бардаўская восень», які ў мінулым годзе адсвяткаваў 20-гадовы юбілей, распачынае прыём заяваў на сёлетнюю конкурсную праграму.

«Бардаўская восень» цягам апошніх год працягвае спалучаць традыцыі і сучаснасць і адкрываць новыя імёны ў беларускай музыцы. Фэст з адметнай атмасферай і багатай гісторыяй у гэтым годзе пройдзе традыцыйна ў апошнія выходныя катрычніка ў Бельску, Беластоку ды навакольных мятэчках Падляшскага рэгіёну Польшчы.

Каб узяць удзел у конкурсе, трэба даслаць 1–2 песні ў дэма-запісах, фота і сваю кантактную інфармацыю на афіцыйную скрыню конкурснага адбору [email protected]. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца выключна аўтарскія музычныя творы на беларускай мове на ўласныя вершы, альбо на вершы беларускіх паэтаў, выкананыя ў акустычным фармаце. Першы этап конкурснай праграмы сёлеташняй «Бардаўскай восені» традыцыйна пройдзе ў фармаце адборачнага канцэрту ў Менску, які адбудзецца 14 верасня ў бар-клубе «ДК».

— У мінулым годзе фестываль святкаваў юбілей і з гэтае прычыны конкурс не праводзіўся, — кажа каардынатар фестывалю ў Беларусі Алесь Кот-Зайцаў. — Але ў гэтым годзе традыцыя вяртаецца і мы, як і заўжды, запрашаем усіх ахвочых узяць удзел у конкурснай праграме фэсту, якая безумоўна з’яўляецца самай важнай падзеяй кожнай «Бардаўскай восені». У сувязі з перапынкам у цэлы год, мы чакаем шмат заявак ад канкурсантаў і спадзяемся, што ўдасца адкрыць сапраўды цікавых і яскравых маладых беларускіх музыкаў і ў гэтым годзе.

Заяўкі на ўдзел у конкурснай праграме прымаюцца да 12 верасня. Надалей кожны з канкурсантаў мусіць узяць удзел у адборачным канцэрце 14 верасня, па выніках якога і будуць вызначаныя ўдзельнікі конкурснага канцэрту «Бардаўскай восені 2014» у Бельску Падляшскім. Вызначаць пераможцаў, як і заўжды, будзе кваліфікаванае журы фэсту. Але не абыйдзецца і без прыемных цікавостак, адной з якіх стане прыз глядацкіх сімпатый на адборачным канцэрце і, безумоўна, запрошаная зорка вечару, якая пакуль трымаецца ў сакрэце.

Источник: пресс-релиз

Темы: