Уладзімер Арлоў напісаў прадмову да праекта-прысвячэння «Re:Песьняры»

Сёння гурту «Песьняры» спаўняецца 45 год. Вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў з гэтай нагоды напісаў прадмову да праекта-прысвячэння «Re:Песьняры».

Уладзімер Арлоў

«Музыка здольная зьмяніць лёс чалавека. Упэўнены, бо гаворка пра мяне самога.

Калі я стаў дзесяціклясьнікам, у наш Полацак прыехалі „Песьняры“, якія тады яшчэ зваліся „Лявонамі“. Маючы сваімі кумірамі „Бітлоў“ і „Ролінгаў“, перад канцэртам я быў настроены даволі скептычна. Апрача ўсяго і сам канцэрт апынуўся пад пагрозаю. Як стала вядома, убачыўшы „Лявонаў“, гарадзкое начальства выставіла ім ультыматум: або „дзікабразы“ выпраўляюцца ў цырульню, або гастролі адмяняюцца. На маё велізарнае шчасьце, Уладзімер Мулявін выбраў цырульню.

Некалькі тыдняў пасьля канцэрту я на зьдзіўленьне сябрам і знаёмым, нібыта зачараваны, напяваў „Александрыну“, уражана адчуваючы, як ува мне прачынаецца зусім іншая істота. Калі не баяцца высокіх словаў, можна сказаць, што менавіта „Песьняры“ далучылі мяне, савецкага хлапчука, да нацыянальнага космасу.
Другая палова ХХ стагодзьдзя засьведчыла, што рок-музыка здольная зьмяніць лёс цэлага пакаленьня.

Музыка можа перайначыць і цэлую краіну. Дзеля вяртаньня беларусам — Беларусі, на маю думку, Уладзімер Мулявін зь „Песьнярамі“ зрабіў ня меней, чым Уладзімер Караткевіч.

Беларускую песьню засьпявалі мільёны нашых суайчыньнікаў, Яе пачулі ў шасьцідзесяці краінах сьвету. Сваё захапленьне „Песьнярамі“ выказвалі Джон Ленан, Пол Макартні і Джордж Харысан.

Талент і геніяльная інтуіцыя Мулявіна прынесьлі ў перапоўненыя залі ня толькі народны мэляс, але і нацыянальную паэзію — Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Ларысы Геніюш. Вы памятаеце, як на пачатку 1990-х гучала песьняроўская „Пагоня“?

Ансамбль Мулявіна здзейсьніў сапраўдную сьпеўную рэвалюцыю, якая, рызыкну сказаць, у краіне зь інакшай мэнтальнасьцю мела б шанцы перарасьці ў рэвалюцыю палітычную. Пра гэта можна дыскутаваць, але не падлягае сумневу, што безь „Песьняроў“ мы былі б іншымі».

Прэзентацыя праекту «Re:Песьняры» адбудзецца 12 верасня ў клубе Re:Public. У канцэрце возьмуць удзел Tonqixod, Pomidor/Off, Сяргей Пукст, Зьміцер Вайцюшкевіч, Akute, а таксама БДА «Песняры».

Источник: Tuzin.fm

Фото: budzma.org

Группы:

Темы: