Dzieciuki прэзентавалі кліп, прысвечаны ваярам за Беларусь

Гарадзенскі фолк-панк гурт Dzieciuki прэзентаваў на тэлеканалае «Белсат» кліп на песню «Хлопцы-балахоўцы». Падчас здымак гэтага відэа ўсе ўдзельнікі гурта былі затрыманыя міліцыяй.

Здымкі ладзіліся 8 лістапада і ім, па словах рэжысёра Антося Цялежнікава, спрыяла толькі добрае сонечнае надвор’е. Праца над кліпам пачалася з вялікім спазненнем, а падчас апошняй сцэны да групы падышлі супрацоўнікі АМАП, якія вельмі зацікавіліся дзеяй ды зброяй у руках музыкаў.

— Мы растлумачылі і паказалі, што зброя — несапраўдная, гэта муляжы. Падавалася б, на гэтым усё і скончыцца, але перад самым захадам сонца да нас пачалі з’язджацца машыны, з іх выйшлі людзі ў форме міліцыі, АМАПу і апранутыя па-цывільнаму. Запыталіся, хто галоўны? Я натуральна ўзяў на сябе адказнасць як арганізатар і ініцыятар здымак. Асноўны закід — здымкі без дазволу, пра што, шчыра кажучы, мне нават не прыйшла думка ў галаву, — распавёў у інтэрвію «Белсат» рэжысёр.

Усіх удзельнікаў здымак адвезлі ў пастарунак, але пазней адпусцілі. Міліцыянты забралі карту памяці ад відэакамеры, і аддалі яе толькі праз некалькі дзён.

Антось Цялежнікаў адзначыў, што кліп на песню «Хлопцы-балахоўцы» прысвечаны не толькі Слуцкаму збройнаму чыну, але і іншым збройным выступам беларускага народу супраць камуністычных захопнікаў, між іншым, войску беларускага генерала Булак-Балаховіча. Чорны сцяг з чэрапам і касцямі, выкарыстаны ў відэа, — гэта акурат сімволіка арміі Булак-Балаховіча. Сярод іншых рэчаў, якія перадаюць спецыфіку таго часу, — бел-чырвона-белыя стужкі на вайсковай форме, якія былі знакамі адрознення паміж жаўнерамі розных нацыянальных фармаванняў. Уніформу, макеты зброі ды тачанку дапамаглі здабыць для кліпу нешматлікія беларускія рэканструктары, што займаюцца перыядам БНР. Але ў кліпе ёсць гістарычныя недакладнасці, прызнаўся рэжысёр. Ён не ставіў сабе задачу зняць мастацкі фільм з усімі аўтэнтычнымі рэаліямі і дэталямі.

Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music

Группы: Dzieciuki

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com