7

TonqiXod прадстаўляе стракаты дэбютны альбом «Pradmova»

Гурт TonqiXod прадстаўляе на Ultra-Music дэбютны альбом «Pradmova» — сем розных па настроі трэкаў, аздобленых медытатыўнымі, настраёвымі ўступам і эпілогам. Альбом стаўся вынікам двухгадовай дзейнасці трыа. Для запісу музыкі нават адрамантавалі мандаліну 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

TonqiXod

Уладзімір Лянкевіч (гітара/вакал) пра «Pradmovu»:

— Альбом нельга назваць канцэптуальным у звыклым сэнсе. Але ў яго ўвайшлі не ўсе песні, якія ёсць у нашым рэпертуры: мы адмыслова выбудоўвалі трэк-ліст «Pradmovy», гэта не справаздача за нейкі перыяд існавання гурта. Проста мы самі такія сабе «звышканцэптуальныя», таму і матэрыял у нас выходзіць адпаведны :) Уласна пісаліся мы цягам года, але праца над песнямі ішла амаль два гады. Фіксацыю адцягвалі ў тым ліку таму, што спачатку хацелася дасягнуць паразумення паміж музыкантамі, сыграцца, каб музыка прыстойна гучала не толькі на запісе, але і жываком усё атрымлівалася на нармальным узроўні. Да таго ж мы адводзім ладнае месца імправізацыі, а з гэтым трэба быць асцярожнымі.

На альбоме «Pradmova» даволі разнапланавыя кампазіцыі, хацелася, каб яны адрозніваліся адна ад адной. Падобныя песні на той самай хвалі і на адной эмоцыі — гэта хвароба многіх гуртоў. Мы стараліся не захварэць. Так, наш дэбютнік у пэўнай ступені атрымаўся даволі стракатым, але гэта хутчэй прынцыповая эклектычнасць.

TonqiXod

Максім Субач (клавішы/вакал) пра запіс «Pradmovy»:

— Наогул пачалі пісацца мы яшчэ ў канцы 2013 года, калі рыхтавалі сінгл «Nasypać hory». Але пасля праца над астатнімі песнямі ішла павольней. Да запісу мы падышлі даволі грунтоўна. Перабралі некалькі студый, кватэр, нават лецішча. Увогуле я лічу, што студыя далёка не найлепшае месца для стварэння музыкі з пункту гледжання настрою: ты загадзя абмежаваны часам і, галоўнае, якія б там прафесіяналы ні сядзелі, ты знаходзішся на іх тэрыторыі і часам мусіш граць па іх правілах. Таму ў выніку частку інструментаў мы запісвалі на студыі, а рэшту пісалі, дзе заманецца. Напрыклад, з абсталяваннем з’язджалі за горад і спакойна рабілі колькі хочаш дубляў, а затым сядалі ля вогнішча ды смажылі хлеб. Перыядычна даводзілася вырашаць розныя тэхнічныя цяжкасці — напрыклад, некалькі разоў перапайваць савецкія сінтэзатары, склейваць наноў раструшчаную мандаліну 30-х гадоў. Але мне асабіста не сорамна за вынік, хаця далёка не ўсё ўдалося ўвасобіць. І цяпер можна не хаваць вочы, калі сваякі запытваюць: «Дзе працуеш, чым займаешся?», а да звыклага «інжынер» дадаваць: «Ну, граем з гуртом свае неадназначныя песенкі». Пры гэтым трэба шматсэнсоўна і хітра ўсміхнуцца, павёўшы брывом :)

TonqiXod

Андрэй Аляксеенка (барабаны):

— На запісах, акрамя электрагітар, сінтэзатараў і ўдарных можна пачуць кларнэт, кантрабас, трубу, скрыпку, акардэон, раяль, акустычную гітару, мандаліну, блок-флейту, званочкі, бразготкі і шмат іншага. Звядзеннем і майстарынгам займаўся Канстанцін Пыжоў (акрамя песні «Nasypać hory», якую зводзіў Яўген Сухавей).

Апроч таго, гурт TonqiXod дзякуе ўсім, хто так ці іначай спрычыніўся да альбому, у тым ліку запрошаным музыкам (Віктару Сямашку, Эрыку Арлову-Шымкусу, Уладзіміру Галавачу), Паўлу Някрасаву, які дапамагаў запісвацца, «Еўрарадыё» за прэмію «Дэбют» і гадзіны на студыі «Осмос» ды мноству-мноству іншых людзей.

Канцэртная прэзентацыя альбома «Pradmova» адбудзецца на пачатку 2015 года.

TonqiXod

TonqiXod

TonqiXod

TonqiXod

Скачать

Автор: Александр Чернухо / Ultra-Music

Группы: Tonqixod

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com