BosaeSonca, Navi, Hurma i Zui запісали калядную песню

Гурт BosaeSonca разам з гуртамі Navi, Hurma i Zui запісаў калядна-навагодні хіт па-беларуску. Па словах музыкаў, песня «Казкі» — гэта беларускія «Jingle Bells» i «Happy New Year» у адным флаконе, і пад гукі новай песні кожны беларус можа загадваць жаданні ў навагоднюю ноч і чакаць цудаў на Каляды.

— Па шчырасці апроч праекту «Сьвяты вечар», дзе Вайцюшкевіч, Вольскі і кампанія спяваюць калядкі ў поп-рокавых апрацоўках, я нічога такога і не ўзгадаю, — кажа лідар гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў. — А ўвогуле мяне напраўду натхніла тая думка, што раней беларускія музыкі неяк больш камунікавалі між сабой, рабілі нешта сумеснае, быў шэраг праектаў, такіх як «Я нарадзіўся тут», той самы «Сьвяты вечар» і іншыя. Таму вельмі захацелася і сучасную генерацыю беларускіх музыкаў павыцягваць з нораў, з уласна-асабістых інтарэсаў і прапанаваць разам нешта зрабіць на святы. Аказалася, што гэта нашмат складаней, чым я сабе ўяўляў. Але ў нейкай ступені усё атрымалася: галоўнае — атмасфера казкі ёсць і падарунак адбыўся!

Музыку да песні «Казкі» напісаў Алесь Кот-Зайцаў, ён жа займаўся прадусаваннем запісу, а тэкст да песні Алесь прапанваў напісаць беларускай паэтцы Валярыне Куставай. Алесь адзначае, што склад музыкаў для запісу песні не тое каб выпадковы, але можна назваць яго «пілотным».

— Гэтым разам я проста запрасіў пэўны шэраг асобаў знаёмых і прыемных для мяне ў стасунках, — кажа Алесь. — Хто адгукнуўся, той паўдзельнічаў. Але мне было б цікава не спыняцца на такім міні-праекце і паспрабаваць сабраць сапраўдную супольнасць сучасных беларускіх музыкаў, зрабіць не проста сінгл, але сапраўдны вялікі і прыгожы праект. Гэта вымагае часу, бюджэту і намаганняў, якіх з-за спантаннасці самой ідэі у гэтым годзе, магчыма, трошкі не хапіла. Былі амаль экстрымальныя ўмовы, калі некаторыя з музыкаў мелі магчымасць прыехаць у студыю ці на здымкі толькі на 20–30 хвілінаў і прыходзілася моцна імправізаваць. Тым не менш вынікам я задаволены: атрымаўся атмасферны, настраёвы трэк, які, мяркую, парадуе многіх, хто чакае ад святаў нейкага цуда, казкі.

Над відэа працаваў беларускі рэжысёр Арцём Лобач, а дапамагаў яму Аляксандр Алейнікаў. Песню «Казкі» ў жывым выкананні можна будзе пачуць 8 студзеня ў мінскім бары «ДК», дзе, дарэчы, і здымаўся кліп. На канцэрце выступяць усе ўдзельнікі каляднага праекта — BosaeSonca, Navi, Hurma i Zui.

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , ,