Лідэр «Людзей на балоце» стварыў праект на вершы Алеся Чобата

Лідэр гурта «Людзі на балоце» Алесь Дзянісаў прадставіў на Tuzin.fm кліп на песню «Турма» з свайго новага праекта на вершы Алеся Чобата.

Алесь Чобат — паэт з мястэчку Скідзель, гісторык, перакладчык на беларускую Чэслава Мілаша. Ён страціў зрок, летась атрымаў першую групу інваліднасці, але працягвае пісаць.

На словы Алеся Чобата меркавалася запісаць будучы альбом гурта «Людзі на балоце». Алесь Дзянісаў стварыў цыкл песень са сборніка «Кароткая гісторыя Беларусі». Некаторыя з іх ужо выконваліся гуртом на канцэртах. Але падчас здымак відэа на песню «Турма» Алесь падумаў пра тое, каб прэзентаваць гэты праект у сольнай якасці, выканаць практычна пад адну гітару.

— Гэтыя вершы патрабуюць вельмі асцярожнага падыхода і мінімальнай аранжыроўкі, бо словы могуць згубіцца ў тлуме інструментаў. А мне хацелася бы зрабіць акцэнт менавіта на словы, — кажа музыка.

Зняць мінімалістычны кліп на песню «Турма» задумаў Валер Руселік, журналіст і рэжысёр з Горадні. Дзянісаў ня лічыць гэты верш самым моцным у Чобата, але называе яго вельмі «кліпавым» і гарадзенскім.

— Ён перадае гарадзенскі настрой. І, канешне, сам паэт нам бачыўся галоўным героем. Ён такі і атрымаўся ў кліпе: моцны, непахісны, такі гарадзенскі «хросны бацька». Апошні абаронца горада і паэзіі, апошні Паэт, які узвышаецца над натоўпам графаманаў і моднікаў ад літаратуры. Геніяльны паэт! — кажа Алесь Дзянісаў.

Усе, хто з’яўляецца ў кліпе – гэта невыпадковыя людзі: флейтыст Вася, які выконвае ролю вулічнага музыкі; Дзянісаў — мінак, які падкурвае цыгарэту паэту; рэжысёр Руселік таксама з’яўляецца на момант, кідаючы грошы музыку на вуліцы.

— Але самы невыпадковы чалавек там — Юра Седзянеўскі, які грае ролю турыста, — распавядае Дзянісаў. — Гэтаму хлопцу, думаю, павінен паціснуць руку кожны, хто яго ўбачыць. Юрка зараз апякае Чобата. Прыязджае да яго ў Скідзель, што ў 30 кіламетрах ад Горадні, дзе жыве паэт у драўляным доміку, ходзіць з ім у краму, дапамагае па гаспадарцы. Улічваючы, што Алесь Фёдаравіч цалкам сляпы ўжо некалькі год, гэтая дапамога яму вельмі патрэбная.

Мяркуецца, што праект на словы Алеся Чобата Алесь Дзянісаў прэзентуе ўжывую ў Мінску ў лютым 2015 году.

Источник: Tuzin.fm

Группы: ,