Holy Chimp выпусцілі новы сінгл і анансавалі дэбютны альбом

Гурт Holy Chimp, створаны беларускімі музыкамі ў Польшчы, выдаў новы максі-сінгл «Karol z Sałomy». Гэта першы сінгл з дэбютнага паўнафарматнага альбома гурта, што выйдзе неўзабаве.

Новы рэліз уяўляе сабою мяшанку з двух версіяў загалоўнага трэка — арыгінальнай ню-металічнай і электроннай, якую зрабілі музыкі гурта Till it Bleeds.

— Дадзены сінгл з‘яўляецца першай ластаўкай з альбома, запіс якога быў скончаны ўжо год таму. З-за пэўных жыццёвых акалічнасцяў далейшы працэс быў замарожаны. Цяпер нарэшце, пераадолеўшы крытычны момант, мы здолелі знайсці чалавека, які робіць нам звядзенне і майстэрынг. Ім з’яўляецца ўкраінскі музыка і гукарэжысёр Кірыл Момат, вядомы па колішняй працы з гуртом «Тінь Сонця», — распавядае гітарыст Юрась Лявіцкі.

У максі-сінгл «Karol z Sałomy» таксама трапіла кавер-версія Holy Chimp на песню Лявона Вольскага «Старшыня» з саўндтрэка да фільма «Жыве Беларусь!»

— Перадусім, мы фанаты таленту спадара Вольскага. Падчас прагляду фільма зачапіла менавіта гэтая яго песня і, канешне, фірмовы сцёбны тэкст Лявона. З іншага боку, не спадабалася яе штучнае гучанне і тое, што яна абрываецца без развіцця на другой хвіліне. Таму мы вырашылі выправіць гэта. Адкрыю таямніцу: на альбоме будзе яшчэ адзін кавер на песню Лявона, — тлумачыць Юрась Лявіцкі.

Гурт Holy Chimp з’явіўся ў 2012 годзе ў польскім горадзе Ўроцлаве. У яго склад увайшлі гітарыст Юрась Лявіцкі, вядомы па ўдзелу ў гуртах ID:Vision і Inner Resistance, і Аляксей Некрылаў, які спявае ў готык-гурце Till It Bleeds, а таксама польскія музыкі. У 2013 году Holy Chimp выдалі EP «Z-pad śnіehu…» і сінгл «Viasnovy».

Автор: / Ultra-Music

Группы: ,

Комментарии: 1