Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча можа не адбыцца, таму што ў клубе «не будзе святла»

Зьміцер Вайцюшкевіч

Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча, які мусіць адбыцца 6 лютага ў клубе «Піраты», апынуўся пад пагрозай зрыву. Цікава, што ўсе неабходныя дамовы і дазволы ад выканкама арганізатары маюць. Прычынай адмены можа стаць клубная запазычанасць па аплаце электраэнергіі і апячатаны лічыльнік, паведамляе «Еўрарадыё».

— Я папрасіў супрацоўнікаў клуба, якія сустрэлі мяне з ліхтарыкамі ў руках, паказаць лічыльнік, — распавядае арганізатар канцэрта Сяргей Будкін. — Лічыльнік апячатаны не быў, але была паперка, што ён апячатаны. Я сустрэўся са структурай, якая адключае электрычнасць і якой яны плацяць за арэнду, там мне сказалі, што сапраўды ў клуба ёсць запазычанасць і электрычнасць адключылі. Гэта ўсё можна зразумець. Але дырэктар сказаў, што распусціў персанал, прыпыніў дзейнасць на нявызначаны тэрмін і адмовіўся ад правядзення ўсіх бліжэйшых мерапрыемстваў. Але потым апынулася, што наступныя канцэрты ў «Піратах» не адмененыя.

7 лютага, на наступны дзень пасля запланаванага выступу Змітра Вайцюшкевіча, у клубе мае адбыцца Minsk Reggae Festival II. Квіткі на яго дагэтуль прадаюцца і ніякіх пагроз адмены не чуваць. 15 лютага там чакаецца канцэрт расійскага гурта «Кукрыниксы» і, мяркуючы па ўсім, ён таксама пройдзе. Адсюль вынікаюць два варыянты, перакананы Сяргей Будкін: ці дырэкцыя клуба падстаўляе іншых арганізатараў, ці папросту не жадае рабіць канцэрт Вайцюшкевіча.

Анатоль Данільчанка ў настойлівай і гучнай форме пераконвае Еўрарадыё, што не мае ніякіх абавязальніцтваў па канцэрце WZ-orkiestra. Маўляў, дамоваў не падпісваў, перадаплаты не браў і ўвогуле арганізатара ні разу не бачыў і не ведае.

— Мне тэлефануе нейкі Будкін і кажа мне пра дамову, — пераказвае сваё бачанне сітуацыі дырэктар «Піратаў». — Паўтары гадзіны ён мне даказваў, што я ў нечым вінаваты! Я яму сказаў, што, калі ён лічыць, што я не маю рацыі, то ёсць кампетэнтныя органы і вы можаце звярнуцца ў суд і адстойваць свае правы ў судзе! Але я ўвогуле з ім ніякіх спраў не маю і не меў, якія да мяне могуць быць прэтэнзіі? Калі трэба, прызначце почырказнаўчую экспертызу, і я дакажу, што ніякіх дамоваў з ім я не падпісваў!

У сваю чаргу, Сяргей здзіўляецца такой заяве, бо пасля аднаго са сваіх папярэдніх канцэртаў у клубе «Піраты» спадар Анатоль асабіста выказваў задавальненне ад супрацоўніцтва з ім.

— Дзіўна тое. ну як дзіўна?! Тут усё зразумела, але я ўпершыню ў сітуацыі, калі маю ўсе паперы на руках і тут няма да чаго дачапіцца! — працягвае Сяргей Будкін. — Экспертызы почырку — гэта ўжо ноў-хаў! Але зразумела, што калі на іх нехта націснуў, то яны яго здаваць не будуць. Парадаксальна, што яны не баяцца ні суда, ні агалоскі, ні іміджавых стратаў, ні часткова фінансавых, бо будзе вечар прастою… Яны баяцца канкрэтна Вайцюшкевіча чамусьці, наколькі я гэта зразумеў.

Пакуль дырэкцыя клуба не дашле афіцыйную паперу з прычынамі адмены канцэрта, Сяргей працягвае займацца яго арганізацыяй. Ён перакананы, што адміністрацыя «Піратаў» спрабуе прымусіць яго самастойна адмовіцца ад выступу Вайцюшкевіча і WZ-orkiestra. Але такога ён сабе дазволіць не можа, бо «амаль усе квіткі раскупленыя, і людзям жа нешта трэба будзе тлумачыць». Сяргей, каб вырашыць праблему, ужо звярнуўся ў адміністрацыю Ленінскага раёна, Мінгарвыканкам, Міністэрства культуры і Адміністрацыю Прэзідэнта.

Источник: Еврорадио

Фото: Виталий Клиндюк

Группы: Зьміцер Вайцюшкевіч

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на support@ultra-music.com