N.R.M. і Drum Ecstasy дадуць сумесны канцэрт у Мінску

Гурты N.R.M. і Drum Ecstasy выступяць разам у клубе Re:Public 26 сакавіка. «Вялікі, сапраўды вялікі канцэрт» распачне сумесны тур гуртоў па Беларусі.

— У мінулым годзе нашыя сябры з Drum Ecstasy ездзілі ў тур па Расіі і Украіне разам з Brutto, цяпер мы плануем сумесныя канцэрты з Drum Ecstasy у Беларусі, — кажа гітарыст і вакаліст гурта N.R.M. Піт Паўлаў. — Адмыслова для канцэртаў мы рыхтуем пашыраную праграму. Мы зараз «разархівавалі» шмат старых песень, якія будзем выконваць у туры. Таксама прагучаць кампазіцыі з апошняга альбома і адна новая песня. Апроч таго, разам з Drum Ecstasy мы рыхтуем супольную дзею, але яе падрабязнасці раскрываць не будзем — гледачы ўсё ўбачаць на канцэрце.

Drum Ecstasy таксама выступяць са спецыяльная праграмай, якая будзе складацца з трох частак.

— Спачатку мы выканаем тыя кампазіцыі, якія гралі ў сумесным туры з Brutto, — яны яшчэ не выконваліся ў Беларусі, — кажа лідар Drum Ecstasy Філ Чмыр. — Другая частка — літаратурны праект, дзе запрошаны чытач будзе дэкламаваць паэзію пад нашу музыку. Мы пакуль не ведаем, якія вершы прагучаць, але выглядаць гэта ўсё будзе ў стылі Уільяма Бероуза. У трэцяй частцы прагучаць нашыя цяжкія танцавальныя кампазіцыі — самба і новы дыска-праект Drum Ecstasy & Hidden Name.

Квіткі на канцэрт у Мінску паступяць у продаж 9 сакавіка. Іх кошт — ад 100 да 250 тысяч рублёў.

Автор: / Ultra-Music

Группы: ,