У складзе Akute з’явіцца дзяўчына

Магілёўскі гурт Akute зноў мяняе бубнача. Замест віцебскага драмера Міхаіла Рубіна да калектыву далучыцца мінчанка Vicky Fates, якая таксама грае ў Avias, :B:N: і Cornucopia, паведамляе «Еўрарадыё».

— Я паслухала іх музыку, прыкінула сябе ва ўсім гэтым, — распавядае Віка. — Стыль для мяне новы, але мне даўно хацелася адыйсці ад звыклай рок-музыкі. Я нешта грала нават дома, і так добра гралася, што вырашыла пагадзіцца. Лепш за ўсіх мне лягла песня «Kuli». Рэпетыцыі будзем праводзіць 50 на 50: у Мінску і Магілёве. Тут не той фармат гурта, калі трэба рэпетаваць штодзень, дастаткова адной вялікай рэпетыцыі на тыдзень.

Vicky Fates вядомая ў Беларусі як эндорсер сусветных брэндаў Paiste (такі ж статус, акрамя Вікі, ў нашай краіне маюць толькі Аляксандр Старажук з гурта Trubetskoy і Аляксандр Сапега з Apple Tea) і Pearl Drums.

Былы бубнач Akute Міхаіл Рубін з Віцебска адыграў з гуртом каля паловы года. Ён вельмі абразіўся, што яго «звольнілі», паведаміўшы пра гэта праз сацсетку, і напісаў гнеўны пост на сваёй старонцы ў «Вконтакте». Па словах Рубіна, яму плацілі мала, пры тым што ганарары гурта былі вялізнымі. Таксама ён сцвярджае, што стаміўся бачыць п’яных удзельнікаў калектыву і чуць лозунгі «Жыве Беларусь» і «Слава Украіне».

Вакаліст Akute Станіслаў Мытнік тлумачыць «Еўрарадыё», што ў былым бубначы іх не здавальняў узровень валодання інструментам, а пра свае велізарныя ганарары яны ўпершыню даведаліся ад Міхаіла:

— Міша вырваўся з палону Akute, дзе яго гвалтоўна ўтрымлівалі. Ён усё правільна напісаў, мы мудакі, бо не хочам дзяліцца ўсімі гэтымі мільёнамі, таму што ў нас няма часу навучыць чалавека граць так, як нам бы хацелася. І яшчэ мы любім Беларусь і ўсё, што з ёй звязана, — кажа Станіслаў Мытнік.

Источник: Еврорадио

Фото: Павел Чаплин

Группы: ,

Комментарии: 2