Пачаўся сэзон падпольных канцэртаў

«Забароненыя» рок-музыкі пачалі сэзон. На мінулым тыдні ў менскіх клюбах выступілі Neuro Dubel і «Палац». На наступным — ва ўмовах поўнай кансьпірацыі сыграе N.R.M..

Інфармацыя пра канцэрты распаўсюджваецца выключна праз Інтэрнэт і эсэмэскі. Месца выступу называецца пры сустрэчы, калі арганізатар падпольнай імпрэзы перадае квіток гледачу. Адсутнасьць афішаў з назвай клюбу — умова, на якой кіраўніцтва аднаго зь іх пагадзілася правесьці канцэрт. Тым ня менш, у «безыменным» клюбе сабралася пад 100 чалавек. Завадатары акцыі — Dexta i Dzik — засталіся задаволеныя. «Укладзеныя грошы акупіліся, нават у плюсе засталіся», — кажа Dexta, стваральнік фэн-сайту Neuro Dubel.

Перад выступам ён абвяшчае зь невялічкай сцэны: «Гэтаму гурту 17 год. І ніхто ня мае права яго забараняць. Яны — назаўжды!» Музыкі падлучаюцца, прыхільнікі шчыльным колам атачаюць Кулінковіча і Паскуду. Яны сьпяваюць новую песьню «Край», першы падміргвае прысутным, другі абдымаецца з фэнамі. Атмасфэра поўнага яднаньня музыкаў з заляй.

«Паслухайце, мы напісалі лепшую сваю песьню», — кажа Кулінковіч пра «Край». Тое самае калісьці ён казаў пра «Скрыпку дрыгвы» і «Я памру тут». Лідэр «Дзюбэлёў» прызнаецца: «Я ня звыкся зь пераходам да падпольных канцэртаў, калі гледачоў зьбіраюць па тэлефоне». Кулінковіч зацягвае «Гумавы дом». У залі — аніводнага чалавека, які б не падпяваў яму.

«Спадзяюся, што шрубы адвінцяць пасьля вядомых падзеяў, зь іншага — навошта іх адкручваць, калі машына добра працуе», — разважае Аляксандар Кулінковіч пасьля канцэрту.

Забароненыя музыкі знайшлі спосаб, як супрацьстаяць гэткай навале. Як у брэжнеўскія часы.

Источник: Наша Ніва

Комментирование закрыто