Канцэрт лютневай музыкі — першы ў Беларусі

11 лютага ў Моладзевым тэатры эстрады адбудзецца канцэрт лютневай музыкі Беларусі й Эўропы XVI- XVIII стст. Выступяць вядомыя ў Беларусі выканаўцы лютневай музыкі: гурты LITUUS, «Крылы часу», лютністы Ільля Кубліцкі, Тацяна Бяльковіч. Упершыню ў гісторыі лютністы Беларусі зьбіраюцца на адной сцэне. У праграме выкананьне эўрапейскай клясыкі, а таксама асобных твораў з «Полацкага сшытку» й іншых беларускіх табулятураў. На канцэрце загучаць рэдкія інструмэнты з майстэрні пінскага майстра Юрыя Дубнавіцкага — адзінай майстэрні ў Беларусі старадаўніх інструмэнтаў: віола дэ брачо, віола дэ амур, віолы дэ гамба.

Рэнэсансныя й барочныя лютні Дубнавіцкага добра вядомыя слухачам па творчасьці гурта «Стары Ольса». Дарэчы, удзельнік гурта Ільля Кубліцкі зьбіраецца на іх прасаліраваць. Новым будзе і выступ на лютні-тэорбе выпускніцы Харкаўскай кансэрваторыі Тацяны Бяльковіч.

Адным зь першых лютню ў Беларусі аднавіў Юры Дубнавіцкі. Яго праца засталася ў Акадэміі музыкі. Цяпер ён мае 11 уласнаруч зробленых лютняў розных кшталтаў і эпохаў. У Дубнавіцкага ёсьць свае вучні, такія як Андрэй Шкледа і ансамбль «Крылы часу», які прыме ўдзел у імпрэзе.

Вечарыну аздобіць танцам Тэатар старадаўняй культуры «Яварына».

Канцэрты гістарычнай музыкі ў Беларусі адбываюцца штомесяц зь ініцыятывы кіраўніка праекту «Легенды Вялікага Княства» Арыны Вячоркі. Акрамя лютневай музыкі ў плянах канцэрты гусельнай, лірніцкай, дударскай музыкі. Паводле словаў Арыны Вячоркі, да ўдзелу ў іх плянуецца запрашаць найвядомейшых беларускіх і замежных выканаўцаў.

Источник: пресс-релиз