Гангста-рэп зь Беларусі

Лідэр таямнічага хіп-хоп праекту «Чырвоным па беламу» Кроў запісвае свой першы легальны альбом і выходзіць на эўрапейскі музычны рынак. «Пасьля выхаду майго сольнага альбому ўзровень беларускага хіп-хопу ўздымецца» — ўпэўнена кажа Кроў.
Выцягнуць яго на сустрэчу амаль немагчыма: «Каб займацца сваёй справай, я мушу быць асьцярожным». Дагэтуль бескампрамісны хіп-хоп ад ЧпБ распаўсюджваўся толькі празь інтэрнэт. «Мы на 100% андэграўндны праект. Адсюль такая якасьць запісу, гуку, музыкі. Мы ня маем магчымасьці выкладаць грошы на гітовыя фанаграмы, як робяць рэпэры ва ўсім сьвеце. Фанаграмы такія каштуюць некалькі тысяч даляраў». Кроў абвяргае тэзу за тэзай. Ён даказаў, што па-беларуску рэп можна чытаць і мець папулярнасьць, цяпер ён хоча давесьці, што беларускамоўны рэп можа зацікавіць спонсараў.

Рэпэр хоча задаволіць уласныя амбіцыі і ажыцьцявіць камэрцыйны хіп-хоп праект. Да сваёй мэты ён наблізіўся — сваёй творчасьцю ён зацікавіў польскі лэйбл WJ Records (раней вядомы, Wielkie Jol), які пагадзіўся выдаць сольны альбом музыкі. Кроў кажа, што падыход да гэтага дыску будзе іншы: цалкам легальны праект, для большага кола слухачоў, зь бюджэтным кліпам у падтрымку дыска і тыражаваньнем па ўсёй Эўропе. За музычны бок кружэлкі будуць адказваць адны зь лепшых бітмэйкераў з Польшчы і Нямеччыны. Натуральна, што ўсе песьні — па-беларуску. Кроў вядзе перамовы зь вядомымі эўрапейскімі і расейскімі рэп-выканаўцамі, каб яны ўзялі ўдзел у яго праекце. «У Амэрыцы на хіп-хопе зарабляюцца агромністыя грошы, сёньня — гэта адна з самых прыбытковых галінаў шоў-бізнасу, дык чаму беларусы ня могуць такім жа чынам?». Напады «ворагаў хіп-хопу» што да непрыдатнасьці беларускай мовы ў дадзеным кірунку Кроў годна адбівае: «Беларускія рэперы чакаюць, пакуль нашы бандзюганы-гангстэры загутараць па-беларуску, але варта ісьці не ад слухача, а да яго. Цяжка ўявіць гангстэра з залатым кайданам на шыі, вялікай і злобнай мордай, які шпарыць па-беларуску, а я такіх ужо сустракаў». Ён лічыць, што партрэт беларускага рэпэра ня мусіць розьніцца ад стэрыятыпных уяўленьняў — грошы, ланчужкі залатыя, зброя ды дзеўкі. «Гэта арыгінал, іншае — хлусьня».

Пра сябе Кроў казаць ня хоча: «Напішыце, што я — беларус, ды ўсё». Вядома, што Кроў можна сустрэць на гульнях менскага «Тарпэда» ды на нешматлікіх акцыях апазыцыі. Разам з футболам і музыкай у кола яго асноўных цікавасьцяў уваходзіць палітыка. Рэпэр лічыць сябе скрайнім лібэралам і ўяўляе ідэальнае для краіны кіраўніцтва: Мілінкевіч — прэзыдэнт, Клімаў — прэм’ер-міністар. Але рэп-агіткі пісаць не зьбіраецца: «Лепей напісаць у падтрымку пэўнай ідэі, чым рэклямаваць пэўную асобу».

Источник: пресс-релиз

Комментарии: 2