N.R.M. вандруе па Беларусі і Польшчы і рыхтуе новы альбом

За апошнія пару тыдняў гурт N.R.M. пасьпяхова даў некалькі канцэртаў у Польшчы і Беларусі і рыхтуецца яшчэ да выступаў у Магілёве, Бобры і Менску.

Ужо некалькі месяцаў N.R.M. выступае ў скарочаным складзе, безь Лявона Вольскага. Але гэта не перашкодзіла гурту спачатку ў лютым узяць галоўныя ўзнагароды на «Рок-каранацыі», затым выступіць з сольным канцэртам у Полацку, а цяпер у Варшаве, Беластоку і Горках.

«У Варшаве ў нас быў вельмі цёплы канцэрт, хоць беларусаў было і няшмат, а на канцэрт прыйшлі пераважна палякі, — распавядае гітарыст гурта Піт Паўлаў. — Fabryka Kotłów — клюб невялікі, але зь вельмі добрым сьвятлом і абсталяваньнем. Таму ўсе засталіся задаволенымі. А ў Беластоку быў амаль аншляг, вельмі шмат новых твараў, моладзі. І рэакцыя на нас была вельмі добрая!».

У Горках гурт выступіў 11 чэрвеня ў Раённым цэнтры культуры. У арганізацыі канцэрту дапамаглі ня толькі мясцовы аматары гурта, але і гарадзкія ўлады. «Людзей было ня вельмі багата, але атрымаўся добры канцэрт, — камэнтуе выступ Піт Паўлаў. — Мы выконвалі нашу сталую цяперашнюю праграму на 1,5 гадзіны, траціну зь якой складаюць новыя песьні».

Гурт плянаваў на наступны дзень выступіць у Магілёве, але пакуль гэты канцэрт перанесены. Апроч Магілёву ў бліжэйшым графіку гурта значацца яшчэ Бобр (гурт выступіць там на Купальле па запрашэньні вядомага мастака Алеся Пушкіна), а таксама акустычны канцэрт у менскім клюбе «Графіці» 8 ліпеня ў межах праекту «Тузін Unplugged».

Пакуль гурт працягвае працу над новай праграмай. «Ужо падрыхтаваная недзе палова новага альбому, але застаецца яшчэ шмат працы па зьвядзеньню, майстарынгу. Спадзяюся, бліжэй да восені мы ўсё скончым», — дзеліцца плянамі Паўлаў.

Автор: Вячеслав Радионов / Ultra-Music

Фото: Сергей Воложенич

Группы: N.R.M.

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на [email protected]