Гурт «У нескладовае» перавыдаў першы альбом

Напярэдадні выхаду новага сінгла «Станцыя» з удзелам гурта «Братья Грим», гурт «У нескладовае» прадставіў на партале TUT.BY інтэрнэт-перавыданне дэбютнага альбома. Новая версія мае іншы трэкліст і змяшчае дадатковы бонус-трэк.

Гурт «У нескладовае» быў заснаваны год таму беларускімі музыкамі Раманам Арловым і Вадзімам Марголіным. Першую песню «Не кожны» яны прэзентавалі ў красавіку 2010, а ўжо ў кастрычніку пры дапамозе культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» быў выдадзены дэбютны альбом «У нескладовае». У яго запісе бралі ўдзел вакалісты гуртоў «Без Билета», «J:морс», «Дзецідзяцей», The Stokes, Dali, «Харлі», Why Not, а таксама Аляксандр Памідораў і Аляксей Хлястоў.

«Першы альбом атрымаўся сяброўскім — з большасцю вакалістаў мы адначасова пачыналі займацца музыкай у 90-х, перасякаліся ў нейкіх гуртах, кампаніях ці на сцэне, праходзілі праз розныя музычныя і жыццёвыя сітуацыі, — распавядае Раман Арлоў. — Таму я вельмі рады, што ў нас атрымалася нарэшце сабрацца разам і запісаць дыск. Але былі і сюрпрызы. Напрыклад, ніколі дагэтуль не даводзілася працаваць з Лёшай Хлястовым і хачу сказаць, што ён мяне вельмі прыемна ўразіў сваім падыходам да справы».

«Новы альбом будзе іншым па складзе вакалістаў, іншым па музыцы, — дадае Вадзім Марголін. — Будуць на ім і рок-нумары тыпу «Станцыі», і першыя беларускамоўныя песні ў стылі urban r&b. Гэта будзе узровень 2.0, але на лепшыя песні з узроўня 1.0 мы забывацца не будзем. Таму калі вы іх яшчэ не чулі, самы час».

Альбом «У нескладовае» (версія 2011) змяшчае усе арыгінальныя трэкі першага выдання ў новай паслядоўнасці, а таксама бонус-трэк «У нескладовае 2», запісаны нядаўна з удзелам Аляксандра Памідорава.

«Новы трэкліст з’яўляецца вынікам канструктыўнай крытыкі. Мы прачыталі рэцэнзію Зміцера Безкаравайнага, у якой ён пісаў, што альбом дрэнна слухаецца з-за няправільнай на яго меркаванне паслядоўнасці песень. У выніку мы запрапанавалі яму скласці ўласную версію, якую вы можаце зараз пачуць. Здаецца, сапраўды атрымалася неяк больш цэльна і дынамічна», — кажа Раман Арлоў.

Спампаваць перавыданне можна на сайце TUT.BY.

Між тым хутка гурт «У нескладовае» пры падтрымцы культурніцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!» прэзентуе новы сінгл «Станцыя», запісаны з гуртом «Братья Грим». Увечары 21 чэрвеня на TUT.BY адбудзецца яго інтэрнэт-прэзентацыя з удзелам Косці Грым, а 22 чэрвеня адбудзецца супольнае выкананне песні на канцэртнай прэзентацыі сінгла ў клубе «Мулен Руж Show».

Источник: пресс-релиз

Фото: westrecords.by

Группы: