10

Вяртаньне Геніюш: сучаснасьць неўміручага

Для беларускай культуры мінулы год стаўся годам 95-гадовага юбілею выдатнай беларускай паэткі, Генэральнага сакратара Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі і духоўнага лідэра нацыяльна-вызвольнага руху Ларысы Антонаўны Геніюш.

Нагадаем, што Ларыса Геніюш і яе муж Янка былі асуджаны ў 1949 годзе на 25-гадовы тэрмін зьняволеньня «за дапамогу міжнароднай буржуазіі і падрыўную дзейнасьць супраць СССР». Пад гэтым «юрыдычным» адзначэньнем мелася на ўвазе патрыятычная паэзія Геніюш. Паколькі ў ХХІ стагодзьдзі Ларыса Геніюш так і не была рэабілітаваная, то, зразумела, ўся ініцыятыва па ўшанаваньні памяці знакамітай паэткі-змагаркі легла на плечы незалежных выдавецтваў.

Высілкамі «Беларускай музычнай альтэрнатывы» да юбілею паэткі быў выдадзены мэмарыяльны дыск-трыб’ют Ларысе Геніюш пад сымбалічнай назвай «Жыць для Беларусі». Гэтае выданьне стала восьмым па ліку ў сэрыі БМА group «Беларускі музычны архіў».

Ідэя дыска з творамі на вершы Ларысы Геніюш палягала ў тым, каб рознымі музычнымі сродкамі паказаць сучаснасьць і актуальнасьць яе паэзіі. Але, у той жа час, неабходна было, каб на дыску захаваліся мэмарыяльныя рысы, каб выданьне цалкам адпавядала вызначэньню «даніна памяці».

У дадзеным выпадку выдаўцы «Беларускай музычнай альтэрнатывы» пайшлі на даволі рызыкоўны экспэрымэнт: вырашылі стварыць сучаснае музычнае прысьвячэньне гэтай вялікай паэтцы і дысыдэнтцы, якая сама казала, што больш схільная да песьні народнай, лірычнай, «не зь вялікіх сцэнаў і эстрад…» Гэтая акалічнасьць ускладвала на выдаўцоў асаблівую адказнасьць перад памяцьцю Ларысы Антонаўны…

І вось дыск «Жыць для Беларусі» стаў набыткам сучаснай слухацкай аўдыторыі. Яго музычнае начыньне ўмоўна можна падзяліць на некалькі частак.

Уклад у прафэсійную «геніюшыяну» на дыску прадстаўлены творамі беларускіх кампазытараў-эмігрантаў А. Карповіча («Вечаровая містэрыя») і М. Куліковіча («Родная мова») у клясычным выкананьні В. Скарабагатава і Л. Сімаковіч.

Амаль палову прадстаўленага музычнага матэрыялу кружэлкі складаюць песьні беларускіх бардаў — Вальжыны Цярэшчанкі, Алеся Камоцкага, Віктара Шалкевіча. Гэтых выканаўцаў па праву называюць піянэрамі ў папулярызацыі творчасьці Геніюш у нашай краіне. Такія знакамітыя песьні, як «Запяі мне песьню…» Цярэшчанкі ці «Ноч з марозікам» Камоцкага з гэтага альбому сёньня ўжо можна аднесьці да клясыкі беларускай бардаўскай песьні. Разам з выдатнымі кампазыцыямі на вершы Л. Геніюш «Ня веру» Алеся Лася, «Песьняй пра касу» Віктара Шалкевіча, «Калямбінай і П’еро» Зьмітра Бартосіка і іншых выканаўцаў, гэтыя песьні прадстаўляюць слухачам узоры лірычнай інтэрпрэтацыі творчай спадчыны паэткі. Асабліва ў гэтым сэнсе хацелася б адзначыць вельмі арганічную і рамантычна-ўзьнёслую песьню «Ня веру» Валіка Грышко. Валіка не здарма клічуць «апошнім рамантыкам беларускай поп-сцэны». Сваім тонкім разуменьнем паэзіі Ларысы Геніюш ён пацьвердзіў гэтае абавязваючае для музыкі званьне. Хоць і выканаў песьню «Ня веру» без выкарыстаньня электронікі — пад акампанэмэнт гітары…

Лірычнае бачаньне паэтычнай спадчыны паэткі адлюстравалі і беларускія музычныя калектывы, якія бралі ўдзел у гэтым праекце. Найбольш удалымі тут падаюцца песьні ў выкананьні гуртоў «P. L. A.N.», «Iris7», «ZigZag», беластоцкай каманды «Белы Сон». Асноўную стаўку музыкі гэтых гуртоў рабілі на імкненьне да ідэальнага спалучэньня паэтычных радкоў і мэлёдый песень. І ў той жа час, слухачы абавязкова адчуюць іх імкненьне зрубіць больш сучасным паэтычную спадчыну Геніюш з дапамогай стылістычных прыёмаў рок-музыкі. Хацелася б адзначыць у гэтым сэнсе ўдалы, на мой погляд, сольны дэбют музыкі гуртоў «Pete Paff» «Garadzkija» і «P. L. A.N.» Яраша Малішэўскага, які прадставіў ў дуэце зь Пітам Паўлавым настраёвую рок-кампазыцыю «Нехта ноччу». Цудоўная мэлёдыя, незабыўны музычны вобраз лірыкі Геніюш, створаны рок-музыкамі!

Бадай, самы спрэчны трэк дыска — кампазыцыя metal-гурту «Deadmarsh» «Родны кут». Тут хацелася б спаслацца на рэцэнзію ў «Музыкальной газете» Вітаўта Мартыненкі, які трапна ахарактарызаваў гэты твор: «Здаецца, лірыка Геніюш больш падыходзіць „Песьнярам“, чымсьці „мэталю“ „Deadmarsh“. Але калі ўспомнім „Родны кут“ з „песьняроўскага“ альбому „Жывём“, а потым параўнаем з „Родным кутом“ гурту „Deadmarsh“, то зьдзівімся тонкаму нэрву і глыбіне як раз „мэталічнай“ вэрсіі кампазыцыі». Ад сябе дадам, калі б у кампазыцыі прысутнічала больш элемэнтаў хард-коравага саунду, дабаўлена некалькі асаблівасьцяў стылю (дынамічных і хуткасных перападаў у кампазыцыі) то магчыма было б гаварыць пра гэтую кампазыцыю як пра ўдалы экспэрымэнт у моднай сёньня стылістыцы emo. Адчуйце, настолькі эмацыянальна насычана сама гэтая кампазыцыя, настолькі моцны і, адначасова, трапяткі голас вакаліста гурту Міколы Гідлеўскага!

Але вызначэньне В.Мартыненкі, якое было прыведзена вышэй, не прыніжае ўкладу лідэра «Песьняроў» Уладзімера Мулявіна і «песняроўскага» музыкі і кампазытара Аляксандра Кацікава ў стварэньне песеннай анталёгіі на вершы вялікай беларускай паэткі-дысыдэнткі. У гэтым можна ўпэўніцца, калі праслухаць трэк з кампазыцыяй А.Кацікава з альбому «Жывём» «Краю мой родны» ў вельмі пранікнёным выкананьні Уладзімера Мулявіна.

Сваю бонду ў стварэньне музычнай панарамы паэтычнай творчасьці Ларысы Геніюш унесьлі і маладыя музыкі гуртоў «Жаба ў каляіне» («Ужо даволі») і «Ростра» («Куфар»). І хоць апошні з названых гуртоў — «Ростра» — прадставіў на дыск даволі невыразную фанаграму, затое вельмі ўдала рэабілітаваўся на прэзэнтацыі дыска ў Доме літаратара 18 студзеня.

Асаблівы гістарычны калярыт і змагарную энэргію, якую ўсё жыцьцё выпраменьвала паэтка, узнаўляюць запісы вершаў у выкананьні Ларысы Геніюш. На дыску мы маем магчымасьць чуць яе вечна малады і энэргічны голас — голас нязломнай патрыёткі Беларусі. Унікальныя запісы Ларысы Антонаўны прадставіў выдаўцам вядомы беларускі паэт Сяргей Панізьнік.

Новы дыск БМА group здатны ў слухача, які не знаёмы з творчасьцю Ларысы Геніюш, выклікаць непадробны інтарэс да яе творчасьці, а значыць само выданьне — важкі ўклад у сучасную нацыянальную культуру, якой сёньня патрэбны такія выданьні, што наноў адкрываюць беларусам важкія ўзоры мужнасьці і патрыятызму.

Источник: пресс-релиз

Комментирование закрыто