«Рок-каранацыя-2005»: названыя ўдзельнікі ад рэгіёнаў

Аргкамітэт фэстывалю «Рок-каранацыя-2005» назваў рэгіянальныя групы, якія возьмуць удзел у цырымоніі ўзнагароджаньня 28 лютага ў КЗ «Мінск». Прадусар фэстывалю Юры Цыбін кажа, што была зроблена велізарная падрыхтоўчая праца па іх вызначэньні. «Мы праслухалі дзясяткі запісаў, пабывалі на фэстывалях і канцэртах у розных гарадах, прааналізавалі рэспубліканскую прэсу і прыйшлі да канчатковага выніку». Нагадаем, што ўпершыню на «Рок-каранацыі» выступяць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі. 28 лютага пад гэта будзе адведзена асобная частка цырымоніі, якую будзе весьці Сяргей Анішчанка, дырэктар полацкага фэстывалю «Рок-кола», які праводзіўся летась у 15-ты раз.

Гомель прадставіць група «Al narrator orhestra» — пераможца буйнога фэстывалю «Блюзавая ноч», што праводзіцца ў Польшчы.

Берасьце — група «Сьцяна» — адзін з хэдлайнэраў фэстывалю «Басовішча», якая летась актыўна канцэртавала ў Беларусі і за мяжой і выдала дыск «Басовішча-2005».

Магілёў прадставіць група «Глюкі» — самая папулярная каманда ў гэтым горадзе па шматлікіх апытаньнях. «Глюкі» пастаянна выступаюць у Магілёве, зьбіраюць поўныя залі, а першы наклад іх дэбютнага дыску «Humanoid?..» разышоўся даволі хутка.

Ад Горадні выступіць «Айша» — на чале з адной з самых моцных вакалістак у беларускай музыцы — Вікторыяй Фінскай. Група скарыла публіку сваімі новымі песьнямі «Чорны барон» і «Зь вераю», якія неаднаразова перамагалі ў гіт-парадзе «Тузін Гітоў».

Зь Віцебску было вырашана паклікаць «Восьмы дзень». Менавіта яны атрымалі галоўны прыз на 15-м фэстывалі «Рок-кола» ў Полацку, але перад менскай публікай яшчэ не выступалі.

Аргкамітэт надаў вялікую ўвагу Полацку, які па-сутнасьці зьяўляецца другой рок-сталіцай краіны, і асобна запрасіў мясцовых зорак — групу «Фляўс і Кляйн». Той, хто бачыў іх на сцэне, зразумее чаму.

Сьпіс намінантаў у іншых намінацыях будзе названы да 14 лютага. З 15 па 22 лютага будзе праводзіцца галасаваньне па асноўных намінацыях. Праз інтэрнэт і SMS самі слухачы абяруць пераможцаў «Рок-каранацыі».

Генэральны інфармацыйны спонсар фэстывалю «Рок-каранацыя-2005» — інтэрнэт-партал «Тузін Гітоў».

Источник: пресс-релиз

Темы:

Комментарии: 1
  • Slaver:

    Склад удзельнікаў з рэгіёнаў мне падабаецца! Паглядзім, што будзе далей… Але мерапрыемства вартае ўваогі. Калі б яшчэ арганізатары не лажалі…