Рэп-гурт «Нестандартны варыянт» спыніў сваё існаваньне

Адзін з найстарэйшых беларускіх рэп-гуртоў «Нестандартны варыянт» паведаміў пра сканчэньне сваёй музычнай дзейнасьці. Як патлумачыў адзін з заснавальнікаў каманды Зьміцер «Міх» Міхневіч, такое рашэньне было справай не аднаго дня, яно абдумана і ўзважана.

«Фактычна мы не працавалі над новымі трэкамі ўжо некалькі гадоў, а толькі працягвалі канцэртную дзейнасьць, — распавёў „Тузіну Гітоў“ Зьміцер Міхневіч. — Пра прычыны гэтага цяжка сказаць адназначна. Магу вылучыць некаторыя зь іх. Гэта найперш узрост і неактуальнасць нашай музыкі, асабістыя ўзаемаадносіны, праблемы са здароўем, цяжкасьці сумяшчэньня асноўнай працы і музыкі, сям’я…»

На думку рэпэра, за апошнія 10 гадоў гіп-гоп вельмі зьмяніўся: «Гэта музыка стала больш якаснай і высокатэхнічнай, але ў той жа час я не магу прыняць сучасны гіп-гоп, бо ён стаў грубым, злым і несапраўдным. Такой моды мы прытрымлівацца ня можам. На сёньня наша музыка неактуальная». Міх зазначае, што застаецца побач з музыкай і не выключае, што пры пэўных варунках яго каманда можа адрадзіцца. У астатнім ён просіць выказаць словы падзякі ўсім слухачам і сябрам «Нестанды» — «за любоў, трываньне і доўгі шлях, які прайшлі разам».

«Нестандартны варыянт» пачаў сваю працу яшчэ ўвосень 1998 году ў Барысаве, і ўжо у 1999 на фэсьце «Гіп-гоп нацыя» гурт атрымаў перамогу ў намінацыі «Лепшая маладая рэп-група». У наступным, 2000 годзе, гурт быў прызнаны лепшым рэп-гуртом Беларусі. У тым жа годзе гурт упершыню выступіў па-за межамі Беларусі, у Маскве, дзе хлопцы пазнаёміліся з такімі камандамі, як «Каста», ТНМК, «Многоточие». У 2002 годзе «Нестандартны варыянт» праходзіць конкурсныя адборы і атрымлівае запрашэньне на ўдзел у двух найбуйнейшых рэп-фэстах Расеі і Ўкраіны «Rap Music’2002» і «In Da House’2002». У 2002 годзе выходзіць сэрыя з трох складанак беларускага рэпу «Гіп-гоп нацыя», на кожным дыску быў прадстаўлены іх трэк. Паступова «Нестандартны варыянт» набываў вядомасьць па-за межамі Беларусі. Трэкі гурта зь Беларусі выходзяць на шматлікіх айчынных, расейскіх, украінскіх і нямецкіх складанках. У 2004 годзе «Нестанда» запісвае свой першы альбом, які займеў назву «Не как Все…». Альбом уваходзіў у дзясятку лідэраў продажаў сярод айчынных музыкаў разам зь «Ляпісам», N.R.M., Сярогам ды іншымі. Увесну група правяла міні-тур з 10 канцэртаў па буйных гарадах Беларусі ў падтрымку альбома. А пасьля перапынку ў чатыры гады сьвет пабачыў яшчэ адзін альбом гурта — «Еле слышно». «Нестандартны варыянт» зрабіў унёсак і ў разьвіцьцё беларускамоўнага рэпу — былі запісаныя два беларускамоўныя трэкі, якія сталі гітамі. Гурт запісаў сваю інтэрпрэтацыю «Паветранага шару» разам зь Лявонам Вольскім і гуртом IQ48. А ў 2009 годзе для праекту «Тузін. Перазагрузка» запісаў трэк «У неба».

Источник: Тузін Гітоў

Группы:

Комментарии: 1