Рэліз дыска «Перазагрузка-2» падтрымае Алег Скрыпка

15 снежня адбудзецца прэзентацыя дыска «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». У ёй возьмуць удзел стваральнікі праекту — прадстаўнікі кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала «Тузін Гітоў» і адзін з яго ўдзельнікаў — Алег Скрыпка. Спецыяльны падарунак гасцям — этна-дыскатэка ад лідара гурта «Воплі Відоплясова».

Праца над праектам «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» распачалася ўвесну 2010-га. Цягам года былі праведзеныя перамовы з больш чым 70 вядомымі замежнымі выканаўцамі, якія маюць беларускія карані альбо сяброўскія пачуцці да нашай краіны. Па выніку атрымалася эксклюзіўная складанка з 12 беларускамоўных хітоў у выкананні камандаў з Расіі, Украіны, Малдовы, Нямеччыны, Швецыі, Бельгіі, Нарвегіі.

Такі музычна-лінгвістычны эксперымент спадабаўся як слухачам, так і самім музыкам. «Лічу, што ўсё атрымалася. Тыя, хто чуў маю песню ў беларускім варыянце, былі ў поўным захапленні. Думаю, што абавязкова буду яе выконваць на канцэртах у Беларусі», — кажа заслужаная артыстка Расіі Алёна Свірыдава, якая праспявала для праекту кампазіцыю «Пакуль» у перакладзе Андрэя Хадановіча.

«Мы рабілі свой твор з вялікай шчырасцю, бо мне падабаюцца беларусы і беларуская культура, мне падабаецца ваша краіна. Таму мы з задавальненнем далучыліся да падтрымкі беларускай мовы і песні», — заяўляе ўдзельнік праекту Алег Скрыпка.

«Воплі Відоплясова» якраз збіраюцца выканаць ужывую беларускую «Краіну мрой» на сольным канцэрце ў Мінску 14 снежня. У Палацы рэспублікі Скрыпку можна паслухаць, а на наступны дзень у Loft-cafe разам з ім можна патанчыць. На просьбу кампаніі ўкраінскі выканаўца вырашыў застацца яшчэ на дзень у беларускай сталіцы, каб пабываць на афіцыйнай прэзентацыі дыска «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2».

15 снежня, Loft-cafе (вул. П. Броўкі, 22). Пачатак у 19.00. Колькасць квіткоў на продаж абмежаваная. Тыя, хто набудзе першыя 30 квіткоў, атрымаюць у падарунак эксклюзіўную складанку «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2». Даведкі па тэлефонах: +375 29 6384444, +375 33 6384444, +375 25 6384444.

Источник: пресс-релиз

Фото: Денис Заленко

Группы: ,