Таццяна Беланогая: «Запрашаю да размовы»

20 лістапада, а 19 гадзіне ў малой зале к/з «Мінск» у межах кампаніі Будзьма! адбудзецца доўгачаканая прэзентацыя альбома «Дзьвюхкроп’е» рок-бард-спявачкі Таццяны Беланогай. «Дзьвюхкроп’е» ўжо было прэзентавана ў Варшаве, цяпер Таццяна Беланогая плануе пазнаёміць з ім сваіх беларускіх прыхільнікаў.

Кружэлка стала вынікам цэлага года напружанай працы Таццяны: запісу, афармлення і дапрацоўкі матэрыялу. Магчымасць зрабіць альбом з дапамогай прафесіяналаў бардэса атрымала, дзякуючы перамозе ў Міжнародным Фестывалі Бардаў «OPPA 2006» (Польшча). «Дзьвюхкроп’е» было запісана з удзелам прафесійных музыкаў (бубнач А.Сазонаў, скрыпач К.Карапецян, віяланчэлістка Ю.Глушыцкая, флейціст У.Ліхашапка, гітарыст Зм. Крамушчанка, гукарэжысёр А.Чыжык). Тры папярэднія альбомы («Там, дзе мы» (2004), «Пабачыць сьвет» (2006), «Система координат»(2007), як узгадвае Таццяна, былі зроблены ў сапраўды «спартанскіх» умовах. Часам нават даводзілася спяваць песні «проста на кухні, у пераматаны скотчам мікрафон».

Таму, лічыць бардэса, якасна альбом адчувальна выходзіць з шэрагу папярэдніх, з’яўляецца «новым ва ўсіх сэнсах»:

«Дзьвюхкроп’е» — альбом пра каханне. У ім я паспрабавала адысці ад сацыяльнай тэматыкі, распавесці пра ўнутраны свет чалавека, адносіны між людзьмі. Гэтая кружэлка змясціла і новыя песні, і ўжо спяваныя раней, але сыграныя па-іншаму. Назва альбома гаворыць пра дзве кропкі, дзвюх асоб, з якіх адбываецца пэўны працяг — сям’я, адносіны. Калі ж глядзець з філалагічнага пункту погляду, то кропка ў канцы сказа азначае скончаную думку, двухкроп’е ж паказвае не на завяршэнне, а на тое, што будзе далей. Гэта мая дэбютная прэзентацыя на «вялікай сцэне», так бы мовіць «дарослы» крок. Свой першы прафесійны альбом я лічу толькі пачаткам таго, што з Боскай дапамогаю яшчэ спадзяюся сказаць у будучым.

Тэлефон для даведак: 6490888. Каса 3286638 (гарадскі тэлефон). Квіткі на канцэрт ад 12 000 да 20 000

Источник: Будзьма разам!

Фото: bielanohaja.org

Группы: