Пачаўся прыём заявак на ўдзел у «Басовішчы»

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, традыцыйны фестываль «Басовішча» адбудзецца ў гэтым годзе 13–14 ліпеня на паляне Борык ў польскім Гарадку. Фармат фестывалю застаецца нязменным: на працягу двух дзён на сцэне выступяць гурты з Беларусі і Польшчы.

«Мы афіцыйна падпісалі дамову з Міністэрствам адміністрацыі і цыфрызацыі Польшчы. Атрымалі грант у суме 90 000 злотых, — кажуць арганізатары фестывалю — Беларускае аб’яднанне студэнтаў і аб’яднанне Pogotowie Kulturalno Spoleczne. — Гэта менш, чым у папярэднія гады, але мы прыкладаем усе намаганні, каб гэта не паўплывала на якасць фестывалю. Мы таксама атрымалі грант ад Маршальскага ведамства ў суме 10 000 злотых. А прадстаўнікі Гарадскога савета Беластока спадары Яцэк Ханько i Пётр Янкоўскі па ўласнай ініцыятыве прапанавалі перавесці 1000 злотых».

Ужо вядомыя імёны некаторых удзельнікаў фестывалю: гурты :B:N:, IQ48, і «Кальмары». Першыя два з іх добра знаёмыя публіцы фестывалю: :B:N: станавіліся пераможцамі конкурснай часткі «Басовішча» ў 2002 годзе, а IQ48 — у 2003 годзе. Астатніх удзельнікаў арганізатары назавуць пазней. Апроч асноўнай сцэны, у праграме фестывалю значацца і DJ-сэты.

7 ліпеня, адбудзецца канцэрт «Before Басовішча» — падзея, якая абяцае стаць новай традыцыяй фестывалю. У гэты дзень у Беластоку выступіць гурт Drum Ecstasy. Акрамя таго, падчас «Before» будзе зладжаны адбор мясцовых маладых гуртоў для ўдзелу ў «Басовішчы».

Гурты з Падляшша могуць дасылаць свае заяўкі (разам з адной песняй у mp3 ці спасылкай на гэты трэк) на адрас [email protected] да 20 чэрвеня (у тэме неабходна пазначыць «Before Basowiszcza»). Туды ж свае заяўкі могуць дасылаць і беларускія гурты для ўдзелу ў традыцыйным конкурсе маладых выканаўцаў (з інфармацыяй пра гурт, адным трэкам і пазнакай «Басовішча — Конкурс»).

Источник: пресс-релиз

Фото: Вячеслав Радионов

Темы: