Адбор на «Бардаўскую восень-2012». Частка 5

Ultra-Music працягвае прадстаўляць удзельнікаў адборачнага туру фестывалю «Бардаўская восень-2012».

11 чэрвеня пачнецца інтэрнэт-галасаванне, пераможца якога аўтаматычна трапіць на фэст. А 17 чэрвеня ў кавярні «Піўная гісторыя» адбудзецца адборачны канцэрт: пераможцаў абярэ кваліфікаванае журы.

Людзі на балоце «Людзі на балоце»

У гарадзенскі фолк-рокавы гурт «Людзі на балоце», які пачаў сваю дзейнасць вясной 2011 году, увайшлі ўжо вядомыя музыкі, а яго заснавальнікам стаў Алесь Дзянісаў з гурта «КальЯн». За гэты час гурт паспеў выступіць на благачынным трыбьюце Высоцкага ў Мінску, на фестывалі моладзевай журналістыкі «Твой стыль», а нядаўна быў запрошаныя на буйны фестываль ПІКНІК.BY. Пакуль жа «Людзі на балоце» сканчаюць працу над сваім дэбютным альбомам, што будзе цалкам прысвечаны тэме антыбальшавіцкага супраціву ў Беларусі.


Завулак Vinny Stigm’ы «Холадакамбінат»

Мінскі панк-рок-гурт «Завулку Vinny Stigm’ы» існуе ўжо больш за пяць гадоў. За гэты час гурт запісаў два альбомы, а цяпер спрабуе свае сілы ў якасці бардаў. Паклаўшы свае цяжкія гітары і басы ў шафу, яны дасталі барысаўскія акустыкі і запісалі песню пра пажар на холадакамбінаце, побач з якім прайшло іхняе юнацтва. Песня запісаная падчас выступу на Open Graffiti Music Fest III, дзе гурт упершыню і паспрабаваў сыграць у акустыцы.


Сяргей Долгушаў «Тры сіроты»

Музыкай Сяргей Долгушаў пачаў займацца яшчэ ў роднай вёсцы Новае Тарчылава, што на самым усходзе Беларусі. Там быў створаны электрычны гард-рокавы бэнд. Потым ён спяваў у хоры Магілёўскае музвучэльні, а ў сталіцы скончыў Акадэмію музыкі. Цягам некалькіх гадоў Сяргей быў артыстам Белдзяржфілармоніі, вядомы ўдзелам у фолк-гурце Vuraj, эксперыментальным праекце Fratrez, а з нядаўняга часу і ў пост-метал-гурце Re1ikt. Як сольны выканаўца прымае ўдзел у «Бардаўскай восені» з песняй «Тры сіроты».


Аляксей Нежавец «Адзінае»

Аляксей Нежавец, вядомы таксама як Алёша Н і Вольны вецер, напісаў сваю першую песню ў 1992 годзе пад уплывам песень Уладзіміра Высоцкага. У 1999 годзе Аляксей стаў адным з заснавальнікаў Клуба аўтарскай пасні БДУ (1999) і быў яго кіраўніком да 2009 году. Запісаў пяць альбомаў уласных песень, удзельнічаў у шматлікіх конкурсах і фестывалях аўтарскай песні. Быў фіналістам Грушынскага фестывалю і пераможцам фэсту ў ГМЗ «Каломенскае» ў намінацыі «Лепшая песня». Сам з’яўляецца арганізатарам фестывалю «Вольны Вецер» у Дудутках.


аРБа «Вясна прыйшла»

Гурт «аРБа», ці анархічна-рамантычна-брутальны аркестр, як расшыфроўваюць назву музыкі, складаецца з чатырох чалавек: бысіста Аляксандра Валькова, вакалісткі і клавішніцы Элеаноры Дмухі, вакаліста Аляксандра Емяльянава і Натальлі Кавалёвай, якая грае на домры і мандаліне. У мінулым годзе гурт ужо прымаў удзел у адборы на «Бардаўскую восень», а цяпер спрабуе трапіць на фестываль з песняй «Вясна прыйшла».


Яўген Сяргеюк «Навальніца»

«Я паэт, закаханы ў музыку», — кажа яшчэ адзін удзельнік адбору на «Бардаўскую восень». Яўген Сяргеюк выступае з акустычнымі канцэртамі, некалькі разоў граў у Палацы моладзі, а цяпер спрабуе сілы ў «Бардаўскай восені» з песняй «Навальніца».

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , , , ,

Темы: