Адбор на «Бардаўскую восень-2012». Частка 6

Ultra-Music працягвае прадстаўляць удзельнікаў адборачнага туру фестывалю «Бардаўская восень-2012».

11 чэрвеня пачалося інтэрнэт-галасаванне, пераможца якога аўтаматычна трапіць на фэст. А 17 чэрвеня ў кавярні «Піўная гісторыя» адбудзецца адборачны канцэрт: пераможцаў абярэ кваліфікаванае журы.

Пацукі «Песня дажджу»

Гурт «Пацукі» хоць грае звычайна ў электрычнасці і ў складзе 6 чалавек, прызнае, што бард ёсць увасабленне найвышэйшых музычных здольнасцяў. Таму гурт закупіўся акустычнымі гітарамі і швэдарамі. На сённяшні момант нельга казаць пра канчатковы адыход у свет бардаўскага гучання, але канцэпцыя «душэўнага року» й «агрэсіўнага філалагізму» таксама пакідае месца ўзнёслым бардаўскім матывам. Спецыяльна для адборачнага туру «Бардаўскай восені 2012» удзельнікі гурта адмовіліся галіцца і дуэтам падрыхтавалі песню пра бардаўскае каханне — «Песню дажджу».


Ірына Дарафейчук «Пеўнік»

Паэтка і спявачка Ірына Дарафейчук нарадзілася на Брэстчыне, працавала на Полаччыне і ў Мінску, цяпер жыве і працуе ў Варшаве. Яе вершы друкаваліся ў газетах «Віцебскі рабочы», «Полацкі веснік», у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Маладосць» і іншых рэспубліканскіх выданнях. Выйшлі некалькі зборнікаў вершаў («Сцяблінка на лязе», «Паганскае кола»). У якасці канкурсанту «Бардаўскай восені» ўдзельнічае з песняй на словы Галіны Дубянецкай — «Пеўнік».


Чэслаў Герасiмовiч «Цуды»

Чэслаў Герасiмовiч і ягоны гурт «Ведьма» граюць з 2009 году. Гурт пачаў з кватэрнікаў, а ўжо ў лютым 2011 году ў Мінску адбыўся першы сольны канцэрт, па матэрыялах якога быў запісаны дэбютны альбом «Февраль». У лістападзе 2011 «Ведьма» стала лепшым гуртом на фестывалі «Віцебскі лістапад». Цяпер Чэслаў Герасiмовiч спрабуе свае сілы ў «Бардаўскай восені».


Станіслаў Піскуноў «У траўні гром»

Гітарыст і вакаліст Станіслаў Піскуноў прымаў удзел у разнастайных гуртах, пераспрабаваў шмат стыляў. У складзе праекту «Інфра-чырвоны выдых» удзельнічаў у «Бардаўскай восені-2010». Зараз прыйшоў да аўтарскай песні ў стылі блюз-рок з элементамі кантры і рэгі. «Асноўная мэта маіх песень — зняць для слухача маленькае кіно пра простыя рэчы вакол нас, пра пачуцці і звычайныя чалавечыя каштоўнасці», — кажа Станіслаў і прадстаўляе песню «У траўні гром».


Мар’яна Леанард «Пачакай мяне»

Спявачка і аніматар з Мінску Мар’яна Леанард ствараць песні пачала яшчэ ў школе, але атрымала эканамічную адукацыю. Зараз займацца мультыплікацыяй, а ў вольны час піша песні і спявае іх. У адборы на «Бардаўскую восень» прэзентуе ўласную песню «Пачакай мяне».


OBLiK-O-MoRALE «Цалавала смерць»

У склад дуэту OBLiK-O-MoRALE уваходзяць гітарыст і вакаліст Аляксандр Палубок і перкусіяніст Аляксей Цітоў. За апошні год гурт даў шэраг канцэртаў у мінскіх клубах, а таксама кватэрнікі ў Мінску, Полацку, Віцебску, Баранавічах. Цяпер OBLiK-O-MoRALE спрабуе сілы ў адборачным туры на фестываль «Бардаўская восень-2012».

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , , , ,

Темы: