Гурт Dzieciuki натхніўся «Мужыцкай праўдай»

Гурт Dzieciuki прэзентуе на Ultra-Music песню «Мужыцкая праўда». Па словах музыкаў, праект паўстаў для выплеску творчага патэнцыялу і для ажыцьцяўлення ідэі стварэння нацыянальнага панк-рокавага гурта.

Нацыянальны — гэта ня проста прыналежнасць да нацыі, а падкрэсленне галоўнай мэты праекту: культавання нацыянальных каштоўнасцяў праз панк-рок.

У склад гурта ўвайшлі ўжо вядомыя музыкі: Павел Трабл (вакал, дуда, флейта) грае ў фольк-рокавым праекце «Людзі на балоце», Пітон (бас), Алесь Дзянісаў (вакал, акустычная гітара, губны гармонік) стваральнік і нязменны лідар гуртоў «КальЯн» і «Людзі на балоце», у «КальЯне» таксама граюць Лёха Пудзін (гітара) і Сыр (бубны).

Аўтар слоў песні «Мужыцкая праўда» Дзяніс Жыгавец, а музыка калектыўная праца.

«Натхненнем для напісання песні стала знаёмства з вядомымі нумарамі „Мужыцкай праўды“, ды і сам тэкст падаецца як чарговы нумар гэтай газэты, — тлумачыць удзельнік гурта Дзяніс Жыгавец. — Тут і зварот „дзецюкі“, з якога пачынаюцца ўсе нумары „Мужыцкай праўды“, тут і спроба раскрыць актуальныя праблемы паўстання 1863–64 гадоў. На мой погляд, песня перадае сэнс нашага праекту, ды і назва праекта „Dzieciuki“ добра ўпісваецца ў гэтую канцэпцыю».

Песня была запісаная за два дні на ўласнай рэпетыцыйнай кропцы, яна вайшла ў дэма «Гарадзенскі гармідар». Цяпер у планах музыкаў запіс паўнавартаснага альбома.

Автор: / Ultra-Music

Группы:

Комментарии: 2