Вусатасьць забароненая — гурту AMAROKA адмянілі канцэрт

На пятніцу ў менскім клюбе «Салтайм» быў заплянаваны вялікі канцэрт гурта AMAROKA. Але сёньня днём лідэру калектыву Зьмітру Афанасенку патэлефанаваў адміністратар клюбу і паведаміў, што канцэрт 6 ліпеня не адбудзецца.

Падрабязна пра прычыны адмены канцэрту адміністратар клюбу «Салтайм» праз тэлефон адмовіўся казаць, толькі спалоханым голасам паведаміў Зьмітру, што прыходзілі ці то зь Мінкульту, ці то з КДБ і забаранілі ды засьцераглі, што зачыняць клюб.

Плянаваная імпрэза мела назву «Вусатая вечарынка», а ў запрашэньні на канцэрт было напісана:

«Маеш вусы цi не? Вось галоўнае пытаньне!
Калі НЕ — хутчэй надзявай іх і прыходзь на вусатую вечарыну ад гурту AMAROKA й сяброў. 6 ліпеня ў клюбе „Салтайм“ адбудзецца самы вусаты дзень году!!!
Для вас будуць граць запальныя беларускія гурты, адбудуцца незабыўныя конкурсы. Ад вас патрабуецца знайсьці вусы і надзець іх на сябе.
Насі вусы, насі вусы!
Насі вусы, насі вусы, насі — ня сцы!»

Плянавалася, што тыя, хто прыйдзе на канцэрт з вусамі, атрымаюць зьніжку на ўваход.

«Я лічу, што, відаць, уладам не спадабалася ідэя правядзеньня вусатай вечарынкі, якую мы распаўсюдзілі ў сацыяльных сетках, — кажа Зьміцер Афанасенка. — Я нашу вусы, мой тата носіць вусы, і нам раней ніхто не забараняў. Мы хацелі зрабіць вясёлую сяброўскую вечарыну і ніякі палітычны падтэкст сюды не закладалі. Раней мы ня раз выступалі ў гэтым клюбе, прэзэнтавалі там свой альбом „PULS“. Сумна, што так адбываецца, і выйсьця я пакуль ня бачу. За дзень табе кажуць „не“, калі столькі людзей плянавала прыйсьці. Пайду сёньня ў клюб дазнавацца, хто забараніў. Спадзяюся, нешта стане больш зразумелым».

Источник: Радыё Свабода

Группы:

Комментарии: 5