Tlusta Lusta прэзэнтуе дэбютны альбом

Пераможцы «Басовішча-2008» — гарадзенскі гурт Tlusta Lusta прэзэнтуюць «Blin pieršy» — менавіта так завецца іх дэбютная праца. «На нашых канцэртах звычайна не чуваць словаў у песьнях, дык цяпер урэшце пачуеце пра што мы сьпяваем», — кажа лідэр каманды Кірыл Богуш. Гарадзенцы пісалі альбом на ўласныя грошы, хоць у якасьці прызу атрымалі 20 гадзінаў бясплатнага запісу на студыі ў Беластоку. «Але пасьля „Басовішча“ да нас ніхто наконт запісу не зьвярнуўся, таму мы паехалі ў Ваўкавыск і запісалі альбом там», — кажа Кірыл.Акром запісу ў студыі Tlusta Lusta на «Басовішчы» атрымала яшчэ адзін прыз — здымкі кліпа на тэлеканале «Белсат». «Але адтуль таксама маўчок, — апавядае Кірыл Богуш. — Я не жалюся, але проста не разумею, як быць з тымі прызамі — ці нам самім шукаць тых, хто нам іх уручыў».

Tlusta Lusta вырашыла не сядзець на пячы ў чаканьні запрашэньня, а запісала альбом на свае грошы ў студыі ў Ваўкавыску. «Нам там падабаецца працаваць, вельмі ўтульна», — кажа Кірыл. У выніку двухмесячнай працы і зьявіўся дыск «Blin piersy», куды ўвайшлі 11 песень. «Мы ведаем, што будуць памылкі, але мы стараліся, як маглі. І нават нечакана для сябе адзначылі пасьля праслухоўваньня гатовага матэрыялу: атрымалася файна. На нашых канцэртах звычайна не чуваць словаў у песьнях, дык цяпер урэшце пачуеце пра што мы сьпяваем», — кажа лідэр Tlusta Lusta.

Акром вядомага ўжо па канцэртных выступах гарадзенцаў кавэру на песьню МакSім, на дыску ёсьць яшчэ адна чужая песьня — на адзін з твораў герояў гарадзенскага панк-року — гурта Devation. І на гэтым Tlusta Lusta не спынілася — зусім нядаўна яны запісалі яшчэ адзін кавэр на песьню «Пацалунак» гурта Neuro Dubel. «У наш альбом яна не ўвайшла, але я ўжо размаўляў з Аляксандрам Кульлінковічам. Гэты твор напэўна ўвойдзе ў трыб’ют гурта», — кажа Кірыл.

Гурт Tlusta Lusta падтрымае каманда Піта Паўлава GARADzKIJA. «Яны падыходзяць нам па стылістыцы, а да ўсяго іх дыск я дома слухаю», — кажа Кірыл. А Піт адзначыў, што «гэтым канцэртам яны хочуць падсумаваць усе свае папярэднія выступы ды спраўдзіць у канцэртных умовах гучаньне новых песень».

Источник: Тузін Гітоў

Фото: zedlik.livejournal.com

Группы:

Темы:

Комментарии: 1