«Джамбібум» вяртаецца на сцэну

Гурт «Джамбібум» дасць першы канцэрт пасля перапынку 16 жніўня ў сталічным «Графіці». Паводле слоў лідаркі этна-каманды Насты Хмель, цяперашні «Джамбібум» выглядае досыць незвычайна і крочыць у нагу з часам.

«„Джамбібум“ зараз выглядае вельмі эксперыментальна, таму што тое, што было апошнім часам, у нас зноў не збіраецца, — кажа Наста Хмель. — Усе ўдзельнікі апошняга складу абралі розныя шляхі. Мы свае старыя хіты зробім у электронным гучанні са скрэтчамі і з этна-біт-боксам, якім зараз наш Груша пачаў займацца сольна. Так што ў нас змяняецца, усё перарабляецца згодна з патрабаваннямі часу — не стаіць на месцы».

Праўда, вяртанне «Джамбібуму» будзе адрознівацца ад вяртання, напрыклад, Gods Tower. Яго лёс, хутчэй, будзе нагадваць лёс Kriwi. Падобна Вераніцы Кругловай, Наста Хмель таксама з’ехала жыць за мяжу — на поўдзень Францыі, у гарадок, дзе ёсць вадаспад, дзе ціха, цёпла, свабодна і дзе паўсюль можна граць музыку. У Беларусі Наста плануе бываць наездамі — і падчас іх даваць канцэрты з «Джамбібумам».

Дарэчы, у гэты прыезд музыкі гурт зайграе таксама на фэсце «Камяніца», які пройдзе напачатку верасня ў Музеі народнай архітэктуры і быту ў Азярцы, што ля Мінску.

Источник: Еврорадио

Фото: Джамбібум

Группы: