На фолк-фэсце «Камяніца» на беларускай заспяваюць нават канадцы

Камяніца 2012

У суботу пад Мінскам адбудзецца чацвёрты фолк-фэст «Камяніца», які будзе цягнуцца рэкордныя дзевяць гадзін. Гледачоў чакаюць выступы сучасных калектываў і аматарскіх хораў, народныя забавы і майстэрні рамёстваў.

Тэрыторыя Музею народнай архітэктуры і побыту (пас. Азярцо, 5 км. за аўтарынак «Малінаўка») будзе адчынена для наведвальнікаў з 10 гадзін раніцы. Квіток музею і будзе квітком на фэст, таму госці мерапрыемства будуць мець магчымасць паглядзець усю экспазіцыю музея, дзе захоўваюцца ўзоры беларускай драўлянай архітэктуры 18–20 стагоддзяў.

Музычная частка фэсту распачнецца ў 12 гадзін выступам дзіцячых фальклорных калектываў на аматарскай сцэне, якая будзе працаваць да самага вечару. На яе таксама выйдуць дарослыя ансамблі і гурты, якія адгукнуліся на заклік арганізатараў. Сярод іх «Ула», «Сёмуха», Vuraj і яшчэ дзясятак калектываў.

«Было вельмі шмат заявак і мы стараліся нікога не пакрыўдзіць, — адзначае куратар аматарская сцэны Руся. — Узрост удзельнікаў вельмі розны — ад дзяцей дашкольнікаў да бабуль 80 з лішкам гадоў. Геаграфія таксама шырокая — ад Палесся да Канады, якую прадставіць удзельніца гурта „Яваровыя людзі“».

Трохі пазней да музычнага марафону далучыцца галоўная сцэна — выступы на ёй адчыніць легендарны фолк-ансамбль «Ліцвіны» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Берберава. Яны былі аднымі з першых, хто яшчэ прыканцы 80-х распачынаў хвалю беларускага культурнага адраджэння.

«Да „Ліцвінаў“ фальклор выконвалі прафесіяналы з кансерваторскай адукацыяй, але без нацыянальнага ўсведамлення, з-за чаго ён пераўтвараўся ў якуюсь цалкам дэкаратыўную музыку. „Ліцвіны“ жа па сутнасці яго рэанімавалі — яны адраджалі інструменты, вопратку, абрады, песні і ўсё гэта сталася істотным элементам росту цікавасці грамадства да беларускай культуры», — распавёў кансультант фестывалю Алег Хаменка.

Пасля іх на галоўную сцэну выйдуць яскравыя прадстаўнікі новай хвалі — фэнтэзі-фолк-гурт Irdorath і пажарны этна-аркестр «Гаротніца». Гледачы таксама пабачаць выступы гуртоў Re1ikt, Silver Sky, Pawa, «Крамбамбуля», FolkRoll і Наста Някрасава. На аматарскай сцэне выступяць гурты «Ула», «Сёмуха», Vuraj і «Яваровыя людзі» (Канада). Адмысловы госць фестывалю — расійскі гурт «Иван Купала» з новай програмай «Родина» на падставе народных спеваў Палесся.

Сродкі ад рэалізацыі квіткоў ідуць музею, дапамагаючы захоўваць патрабуючыя сталага догляду драўляныя збудаванні. Кошт квітка для дарослых складае 25 000 руб., для школьнікаў — 12 500 руб., для дашкольнікаў і гледачоў у нацыянальных строях — бясплатна. Партнёрам мерапрыемства традыцыйна з’яўляецца ААТ «Банк БелВЭБ».

Даехаць да музея можна на асабістым аўто ці ровары (з роварам можна ўвайсці на тэрыторыю), рэйсавымі аўтобусамі ад аўтастанцыі «Паўднёва-Заходняя» і фестывальным аўтобусам (бясплатна, па запаўняльнасці) ад прыпынка «Малінаўка 6» (скрыжаванне вуліц Слабадской і Громава), які курсуе з 11 гадзін. Апошні фестывальны аўтобус на Мінск адыходзіць у 22.00.

Источник: пресс-релиз

Темы: Камяніца

Ваш комментарий

Войти через Вконтакте Войти через Facebook

Если у вас возникли проблемы с авторизацией, сообщите нам на [email protected]a-music.com