Песні пераможцаў (частка 4)

Чэмпіянат свету паслядоўна губляе прэтэндэнтаў на перамогу, але Ultra-Music не забываецца нават на тых, хто ўжо адляцеў з Бразіліі дадому. Альтэрнатыўныя гімны для каманд з груп G і H завяршаюць падарожжа па футбольным свеце.

Група G

Германія

Хвілінка афіцыйнасці ў нашым альтэрнатыўным спісе. Гімн нямецкай зборнай для ЧС-14 выконвае тэлевядучая і актрыса Мэлані Мюллер, больш вядомая дзякуючы нямецкаму тэлеканалу Blue Movie пад імем Scarlet Young. Як вядома, большая частка футбольнай аўдыторыі — мужчыны; у святле гэтага факта ідэя запрасіць для выканання гімна зборнай актрысу, папулярную якраз пераважна сярод мужчынскай аўдыторыі, здаецца нам бліскучай. «Давай, Германія, забі гол» — афіцыйны гімн зборнай Германіі на чэмпіянаце ад жанчыны з футбольным прозвішчам.

Партугалія

Футбольных песень у Партугаліі ствараюць, здаецца, больш, чым у любой іншай краіне Еўропы. Хіп-хоп хіт «Menos ais», напрыклад, перапісваюць нанова для кожнага чэмпіяната, на які выходзіць «каманда выбраных». Вось і спявак Axel, заручыўшыся падтрымкай дуэта Guarana Goal, спецыяльна для чэмпіяната перапісаў сваю песню «Boom Boom Yeah», з якой тры гады таму спрабаваў прабіцца на Еўрабачанне. Не прабіўся — як і каманда Партугаліі не прабілася ў плэй-оф. Крышціану едзе дадому, але асабіста яму ўсё роўна хочацца прысвячаць песні.

Гана

Футбалісты ганскай зборнай таксама вяртаюцца дадому, не паспрабаваўшы плэй-оф на смак. Дысбаланс ліній, моцная залежнасць якасці футбола ад настрою лідараў, фінансавыя скандалы — непазбежныя спадарожнікі гульні большасці афрыканскіх каманд. «Mother Africa» — такую сімвалічную назву носіць фанкавы інструментал гурта з Акры Marijata, які ў 1970-х яркай чорнай зоркай загарэўся на небасхіле сусветнай музыкі. Загарэўся зусім ненадоўга — стабільнасці ад афрыканцаў чакаць не прыходзіцца.

ЗША

Футбольная зборная ЗША, як і заўжды на чэмпіянатах свету, — каманда воінаў. Выхад з няпростай групы амерыканцам ужо за вялікае шчасце, але спыняцца на гэтым зорна-паласатыя байцы не збіраюцца. Лідар каманды Клінт Дэмпсі і сам здольны запісаць для каманды пару гімнаў, але, як вядома, у ЗША ёсць Самы Галоўны Спявак. Брус Спрынгсцін — і адзін з самых вядомых гімнаў на свеце.


Група H

Бельгія

Гурт The Black Box Revelation з Дзілбека, нягледзячы на юны ўзрост удзельнікаў, ужо паспеў зарабіць шмат пазітыўных рэцэнзій і распачаць свой шлях да захопу сусвету. Акурат тое ж самае можна сказаць пра зборную Бельгіі. Сіла бельгійцаў, канешне, у маладосці — яркай і гарачай, нібы агонь. «Гэтым разам я не магу спыніцца», — спявае юны вакаліст BBR Ян. Азар і кампанія далучаюцца — спыняцца ім не хацелася б аж да самага фінала. Краіна чакала гэтага чэмпіяната 12 год.

Алжыр

Зборная Алжыра — загадкавая каманда, якая на працягу групавога этапа не паказала ўсёй сваёй сілы, а ўчора на роўных вяла барацьбу з немцамі. Ды і сам вялізарны Алжыр для большасці з нас — таксама загадка. Хасна эль Бехарыя — таленавітая спявачка і гітарыстка з Алжыра, якая развівае традыцыйную арабскую музыку гнава. З першага погляду можна вырашыць, што Хасна і граць не ўмее, а рытм яе музыкі здаецца вельмі незразумелым і няўстойлівым. А прыглядаешся — і разумееш, што гэта музыка мае сваю асаблівую прыгажосць, а незвычайная гітарная тэхніка распрацоўвалася гадамі. Калі вам не падабаецца гульня зборнай Алжыра, магчыма, вы проста не прыглядаліся.

Расія

Гульня зборнай Расіі на ЧС-14 ў чарговы раз атрымалася неадпаведнай чаканням расійскіх аматараў футбола. Нікому не падабаецца, калі яго каманда прайграе, але ў Расіі паражэнні зборнай заўсёды ўспрымаюцца як сапраўдная трагедыя. «Люди не любят чужих неудач», — спявае Сяргей Шнураў у нашым альтэрнатыўным гімне. Далей па тэксце — канкрэтная парада, што рабіць расійскім футбалістам, каб не атрымлівалася трагедыя.

Паўднёвая Карэя

Скончвае наш ліст альтэрнатыўных гімнаў забаўная карэйская каманда Crying Nut. Зборная Карэі, на жаль, гэтым разам паказала на чэмпіянаце гульню ўзроўню каманды Люксембурга. Чаму так склалася, застаецца толькі здагадвацца. Гурт Crying Nut спявае пра Люксембург проста таму, што гэта весела, бо, па іх словах, вясёлая музыка ўніверсальная для ўсіх на свеце. Тое ж самае хочацца сказаць і пра вясёлы футбол. Шмат яго ўжо было на гэтым чэмпіянаце нам на радасць. Можа, і наперадзе чакае не менш.

Автор: / Ultra-Music

Группы: , , , , , , , ,