29 жніўня ў Кактэбелю адбудзецца сусветная прэм’ера новай канцэртнай праграмы «Ляпіса Трубяцкога». Мы паразмаўлялі з Алесем Дуко, дырэктарам турагенцыі «Дэльфін Груп», якая ладзіць на гэты канцэрт аўтобусны тур.
— Ужо больш за год вы займаецеся арганізацыяй тураў на канцэрты «ляпісаў» ды іншых музыкаў за мяжой. Чаму вы пачалі гэтым займацца?
— Мы маладое турыстычнае агенцтва, таму самі пастаянна наведваем канцэрты альтэрнатыўных музыкаў, розныя фестывалі. І ў адзін цудоўны момант мы вырашылі, што трэба зрабіць гэты прыемны занятак адным з накірункаў нашай дзейнасці. Бо гэта правільна, і да таго ж прыносіць маральнае задавальненне.
— Колькі за гэты час чалавек трапіла на канцэрты з вашай дапамогай?
— Нягледзячы на тое, што мы пастаянна вядзем базу дадзеных па нашых турыстах, мы настолькі занятыя, што ніколі не спрабавалі падлічыць дакладную колькасць. Але прыкладна больш за тысячу чалавек ездзілі з намі на канцэрты.
— Ці адмяняліся хоць раз паездкі з прычыны малай колькасці жадаючых?
— Адзін ці два разы. Нам важна апраўдаць надзеі тых, хто даверыўся нам і вырашыў паехаць з нашай дапамогай на нейкую імпрэзу, таму мы ня раз вазілі людзей з невялікім адмоўным фінансавым вынікам. Але мы ніколі не шкадавалі аб гэтым, бо тыя, хто з’ездзіў з намі, рабіліся нашымі добрымі сябрамі. А гэта, як даводзіць народная прымаўка, заўсёды карысна.
— Якая публіка езьдзіць на канцэрты? У асноўным, моладзь ці ёсць людзі дарослыя?
— Я думаю, узрост пры вызначэнні нашай аўдыторыі ня грае асаблівай ролі. Таму лічу, што з намі ездзіць толькі моладзь, то бок тыя, хто малады сэрцам і душою і падзяляе агульначалавечыя (рок-н-рольныя) каштоўнасці. А калі казаць пра ўзрост, то дыяпазон сапраўды шырокі. Нас і людзей, што ездзяць з намі на канцэрты, думаю, смела можна назваць героямі адной з песняў «Ляпісаў» — то бок «Анархатурыстамі».
— Якая атмасфэра падчас тураў?
— Атмасфера падчас тураў не горшая за атмасферу на рок-канцэрце. Толькі без слэму і алкаголю (нас шмат хто з турыстаў за гэта ўшчувае, але мы законапаслухмяныя грамадзяне і дбаем пра бяспеку). Затое мы спяваем песні, жартуем адзін з аднаго і прыдумляем, як зрабіць вандроўку яшчэ весялейшай.
— І якія вясёлыя моманты здараліся за гэты час?
— Момантаў сапраўды шмат. Для мяне як музыкі (у свой час я граў у некалькіх гуртах на гітары) запомнілася знаёмства з акардэонам падчас адной з вандровак. У адным з аўтобусаў знайшоўся акардэон, і я вырашыў за адсутнасцю гітары паспрабаваць асвоіць гэты інструмент. «Тры чарапахі», «Песні пра каханне», «Паветраны шар» я «асіліў», а астатнія хіты ўжо падабралі лепшыя знаўцы акардэона, якія знайшліся-такі ў аўтобусе. Вось такі атрымаўся джэм-сэйшн. Таму парада ўсім, хто збіраецца ў нашыя аўтобусныя туры: бярыце з сабой гітары і іншыя музычныя інструменты — прыдадуцца.
— Які канцэрт больш за ўсё запомніўся?
— Лепш за ўсё запомніўся апошні канцэрт (толькі што народ вярнуўся з фестываля «Захід» — шмат прыемных уражанняў). Можна прыгадаць яшчэ вясновы канцэрт «Ляпіса Трубяцкога» ў Кіеве. Туды прыехала каля дзясятку аўтобусаў з Беларусі. Гэта было феерычна: ты ідзеш уздоўж вуліцы Кіквідзэ, а насустрач тебе сотні людзей і кампаній з беларускімі сцягамі, усе на пазітыве, спяваюць песні «Ляпісаў», усміхаюцца. Атмасфера ў самім клюбе — супер. Сяргей Міхалок, як заўжды, зараджаў натоўп і заводзіў зноўку і зноў.
— На якія канцэрты ў бліжэйшы час плануеце вандроўкі?
Самы бліжэйшы наш аўтобусны тур будзе з 27 і 28 жніўня ў Кактэбель на сусветную прэзентацыю новага альбома «Рабкор» «Ляпіса Трубяцкога» і на фестываль «Джаз Коктебель». Гэта павінна быць непаўторна!
А ў кастрычніку традыцыйна павязем людзей на канцэрты «Ляпісаў» у Пецярбург з нашай фірмовай экскурсіяй «Беларускі Пецярбург». Таксама ў Маскву і Кіеў.