IQ48: «Савецкі саюз не ў Беларусі, а ў галавах»

«Здаровыя лосі» беларускай сцэны гурт IQ48 выпускаюць новы сінгл. Напапярэдадні гэтай падзеі мы сустрэліся з вакалістам Аляксандрам Ракаўцом і гітарыстам Яўгенам Бузоўскім і пагутарылі з імі аб легалізацыі зброі, «чырвонай чуме» і свабодзе падчас таталітарнага рэжыму.

IQ48

«Алкагалізм — прафесійная хвароба музыкаў»

— Чуваць, што зараз у Сокале ідуць здымкі вашага новага кліпа?

Аляксандр: Так, на «Калідор» мы зрабілі жартлівы такі каверок і будзем здымаць на яго кліп.

— І пра што будзе відэа? Пра жыццё раёна?

Аляксандр: Пра дзембеля, які толькі што прыйшоў з арміі. Такі нармалёвы пацан. Яму на вексель выдаюць у крамах, усе паважаюць. Толькі маці люлей дае.

Яўген: Дзяўчаты яго чакаюць, ён жа такі прыгожы, у форме, у фуражцы. Крыху такі «з запашком», як кажуць.

Аляксандр: Лёгкі шлейф.

Яўген: Але мы можам толькі здагадвацца пра яго ўнутраны свет, бо з нас ніхто не служыў.

Аляксандр: Кліп будзе адпавядаць тэксту, таму атрымаецца жартаўлівым. Але пакуль нічога не знята. Спачатку выкладзем у Сеціва, а потым ужо будзем слухаць і крытыку, і прыемныя водгукі.

Яўген: Я думаю, што будуць непрыемныя, таму што пра нас усе пішуць непрыемнае.

Аляксандр: Крытыкі на нас у Сеціве лаюцца.

Яўген: У жыцці яны нас любяць, ну, там піўка папіць альбо пагутарыць. А вось потым нас разносяць.

— Не баіцеся, што пасля публікацыі вашых слоў крытыкі на вас пакрыўдзяцца?

Яўген: Ну, хай тады пішуць — Зміцер Безкаравайны і іншыя: «Мы вас любім» :)

Аляксандр: Перадаем ім усім прывітос!

— За што ж яны вас лаюць?

Аляксандр: Яны нас так штурхаюць наперад.

Яўген: Нас лаюць за тое, што, на іх погляд, у нас неактуальная музыка і гучанне. Мы не граем індзі. Можам не пагаліцца перад інтэрв’ю… Хаця сёння пагаліліся, толькі ўжо ўсё адрасло. Не ведаю, за што яшчэ… Насамрэч, ніхто з нас з-за крытыкі не крыўдуе. Калісьці, так, было: «А-а-а, як жа ж гэта ён такое напісаў!» — і пачыналі спрачацца. А цяпер мы робім сваю справу, а яны — сваю. Дзякуй богу, што яны наогул нас слухаюць і пра нас пішуць.

— Раскажыце пра ваш новы двайны сінгл «Зброя/Гарэлка». Чаму вы закранулі такія вострасацыяльныя пралемы?

Аляксандр: Напэўна, пасталелі :) Насамрэч, гэта аднолькавыя рэчы — зброя і гарэлка: і тое, і тое можа забіць. Тэксты ў нас пішуць і я, і Буза (Яўген Бузоўскі). Мы пішам пра тое, што каму бліжэй і што «накіпела». Тэм на замову ў нас няма. Як кладзецца на паперу, так і атрымліваецца.

Яўген: Калі так падумаць, дык «Зброя» — тэкст Сашы, адпаведна, яму бліжэй гандаль зброей. А мне гарэлка :) Хаця…

— Значыць, вы супраць легалізацыі зброі?

Аляксандр: Канечне, супраць. Усё павінна кантралявацца. І так зараз з-за машын забіваюць людей, а што ж будзе, калі ўсім даць зброю ў рукі?

— А што наконт гарэлкі?

Аляксандр: І гарэлку таксама пад кантроль :)

Яўген: Галаву паперш трэба ўзяць пад кантроль. Я пра тэксты разважаць не люблю, але калі казаць менавіта пра гэты, то сэнс такі: ты сам робіш свой выбар, да чаго цябе давядзе гарэлка. Але паўтаруся, не люблю тлумачыць сваі тэксты, капацца, праз што ды як я хацеў перадаць ідэю.

— Напэўна, з-за гэтага ў школе табе было цяжка пісаць сачыненні.

Яўген: Чаму? Мне падабалася. Калі ў мяне і былі добрыя адзнакі па мове, дык толькі за сачыненні.

Аляксандр: У школе мы вучыліся добра, ну, я дык дакладна :)

Яўген: А я не. Калі я хацеў, атрымліваў добрыя адзнакі. А калі не хацеў… У меня быў такі ўзрост, панкаўскі. Мне падавалася, што школа — нешта буржуазнае. А мне хацелася займацца толькі музыкай. Нейкі анархізм блукаў у крыві. Таму на нейкія прадметы я забіваў, і адзнакі былі адпаведныя. Потым я зразумеў, што анархія анархіяй, але так і са школы могуць паперці, і ўзяўся за розум.

— Аднойчы вы сказалі, што амерыканскія музыкі запісваюць альбомы ў дамах, дзе забіваў Чарльз Мэнсан, натхняюцца атмасферай. А вы, калі станеце багатымі, запішаце альбом у Шабанах. Ці гэта значыць, што Мэнсан — нішто перад шабаноўскімі хлопцамі?

Аляксандр: Можна і так сказаць. Але калі мы станем багатымі, то здымем які-небудзь цэх МТЗ і будзем там пісаць, каб усё была па-алдоваму, каб перадаць дух…

Яўген: Дух МТЗ.

Аляксандр: Я там калісьці і працаваў, і практыку праходзіў. І на МТЗ, і на МЗКЦ. Пралетарый, можна сказаць. Багаты жыццевы вопыт. Збег адтуль. Пайшоў гандляваць дыскамі з музыкай ды фільмамі. Хоць на МЗКЦ я быў нават кіраўніком. Але мне не падабалася тая сістэма: караць людзей за ўсялякія алкагалічныя прыгоды на працы. А потым яны крыўдзяцца на цябе, а ты ім адказваеш, што правілы такія, а яны гэтага не разумеюць… Карацей, я адтуль звінціў.

Яўген: Яны не толькі крыўдзяцца, але і пагражаюць, як мне, напрыклад.

Аляксандр: Да таго ж на прадпрыемстве лічылі, што ты павінен жыць працай 24 гадзіны 7 дзён на тыдзень. Ніхто ж не разумее, што ў цябе можа быць асабістае жыццё, і пляваць ты хацеў на той МЗКЦ. Але я вельмі задаволены, што там пабываў і бачыў усё гэта знутры. З гэтага вопыту нарадзіліся песні, напрыклад, «Чыво ты?». А тым, хто зараз працуе на заводзе, магу сказаць адно: не кірагасьце на працы, бо вам палец можа на станку адарваць ці яшчэ горш. Можаце быць п’яным, толькі калі на Ждановічах працуеце, бо там «Сайгон» пад бокам.

Яўген: Ці калі Дзедам Марозам працуеце.

Аляксандр: Насамрэч, алкагалізм — прафесійная хвароба музыкаў. Але рок-н-рол моцна маладзіць, калі не тырчаць і не бухаць. Паглядзіце на ўсіх гэтых рокераў: ім не даш іх узрост.

Яўген: Але тут можна перайсці мяжу і наогул здзяцінець.

Аляксандр: Не, я рэаліст.

Яўген: Мы ўсе рэалісты. Хоць мы і дыхаем музыкай, але мы ўсе ў гурце разумеем, што ў жыцці ёсць практычная частка. Мы ходзім на працу, маем сям’ю, дзяцей. Мы не стоадсоткавыя музыкі ў класічным паняцці. Там, дзе трэба, мы музыкі. А дзе не трэба — мэнэджэры, інжынеры, тэхнічныя супрацоўнікі. Амаль увесь гурт у нас тычыцца будаўніцтва, мы гурт будаўнікоў :)

Аляксандр: Імя Арджанікідзэ.

— А як жа зарабляць толькі музыкай?

Яўген: Дзеля гэтага трэба, каб музыка была камерцыйнай, лагічна? Я вось не ўяўляю, каб наша музыка прадавалася, як ў іншых актуальных гуртоў. Не таму, што яны такія дрэнныя, а мы добрыя, не. У нас крыху іншая спецыфіка. Мы спяваем аб непрыемных рэчах, што адштурхоўвае масавую аўдыторыю. Мы лепей грошай на будаўніцтве заробім, чым будзем рабіць музыку, якая нам не падабаецца.

Аляксандр: Мы пішам пра пацанскае жыццё… не сказаць каб са сцебам. Вось глядзі: у кожнага свой герой. Для кагосьці нармальны пацан — той, хто вып’е два стаканы і пойдзе прыгоды шукаць. А для нас той, хто пасля тых жа стаканаў памыецца і ляжа спаць. Альбо наогул піць не будзе. Яго асноўная вартасць не ў яго простасці, паўтарох ізвіліны, а ў шчырасці і адсутнасці пафасу. Ён не трымае фігу ў кішэні.

IQ48

«Што робяць музыкі пасля таго, як адыграюць? Бухаюць і ідуць адзін да аднаго заёміцца»

— Як вы вырашылі ўдзельнічаць у спаборніцтве на разагрэў Limp Bizkit?

Аляксандр: Паступіла прапанова, а мы падумалі: «Чаму б і не?». Але мы не адносімся да конкурса надта сур’ёзна, каб не спаць па начах. Праканае — добра, не праканае — мы знойдзем, чым заняцца: здымкамі кліпа і запісам альбома.

Яўген: Дарэчы, у гэтым галасаванні ёсць адзін цікавы момант. На сайце пад відэакліпамі ўдзельнікаў ёсць дзве кнопкі — падабаецца і не падабаецца. Дык вось, dislike’аў болей, чым like’аў. Нашы людзі такія, что негатыўна ставяцца адзін да другога. Яны мала таго, што самі сябе хваляць, дык потым яшчэ пачнуць тапіць свайго калегу. Таму нам і ўсё роўна на спаборніцтва. Скажам так, наша галоўная праблема не крытыкі ці журналісты (яны хоць цікавяцца чымсьці), а самі музыкі. Людзі думаюць не як палепшыць сваю творчасць, а як зрабіць нейкую гадасць.

— Калі чакаць новага альбома?

Аляксандр: Плануем у наступным годзе сесьці ў студыі запісвацца. Але дакладную дату не назаву, бо гэта такая справа, што ўсё роўна не атрымаецца здаць у тэрмін. Гэта ж запіс: паслухаў, не спадабалася, усё сцёр. Звядзенне, майстэрынг, шмат іншых пытанняў — не такая простая праца, як здаецца. Галоўнае, падабраць матэрыял, каб самім спадабаўся. А выйдзе ён на паўгода раней ці пазней — гэта дробязі, я лічу.

— Калісьці вы сказалі, што ваш самы незвычайны канцэрт быў у Салігорску на прэзентацыі гімна футбольнага клуба «Шахцёр», дзе мэр горада быў апрануты ў алычу. А з тых пор здараліся яшчэ якія дзіўнасці?

Аляксандр: У асноўным, на перыферыі. Памятаю, у Жодзіна ці Жлобіне нас запісалі як IQ42, хоць, здаецца, мы нікога на шляху туды не страцілі.

Яўген: А ў Маладзечна на гарадскім свяце нас абвяшчала тыповая савецкая цёця з прычоскай пасля бігудзёў. Яна, так разумею, ангельскую не вельмі ведала і таму прачытала назву з паперкі як «ЭйджГю сорак восем». Нас можна называць як заўгодна.

А яшчэ быў такі выпадак. Прыехалі мы на «Рок-кола». Нас, музыкаў з усіх куткоў Беларусі, сялілі ў гатэль. Ну, як гатэль — не «Хілтан», «Полацк-сіці». А што робяць музыкі пасля таго, як адыграюць? Бухаюць і ідуць адзін да аднаго заеміцца. Вось мы зайшлі да нейкага гурта, не ведаю, адкуль ён прыехаў. І ў іх стаяў у нумары бідон з гарэлкай, літраў на 10–20, у якім плавалі два лімоны. Гэты гурт выглядаў як натуральная «Бутырка». Яны нам налівалі-налівалі, мы не маглі адтуль збегчы ніяк. Я нагой пад сталом Сашу штурхаю: «Бяжым!» — а яны не адпускаюць. Ледзь жывымі потым выйшлі.

Аляксандр: Дарэчы, на тым канцэрте ў Салігорску не толькі мэр, а і дзеці былі ў алычу апрануты. Нас тады нават па тэлевізары паказалі, і мой бацька, футбольны фанат, мяне ўбачыў на экране.

— А сам футбол любіш?

Аляксандр: Я больш па баскетболу. І то толькі ў Сеціве, бо тэлевізар — зло. Я нават навіны па ім не гляджу.

Яўген: Я неяк з месяц назад уключыў, а там ішло ток-шоў пра адбор у «Виа Гру». Толькі думка, што я жыву на 11-ым паверсе, перашкодзіла мне выкінуць тэлевізар у акно.

— А як ставіцеся да будучага чэмпіяната па хакею?

Аляксандр: Ну, калі што, пад шумок пагляджу. Але лепш на гэты час куды з’еду, да бацькоў, ці з жонкай у парке котку выгуляю. Не люблю гарадскія святы.

— Бо на вуліцах багата міліцыянтаў?

Аляксандр: Ой, усяго багата, комплексам!

Яўген: Мы з сябрамі гадоў з 15-ці на так званыя святы горада не ходзім, бо гэта жах, агульны гарадскі трэш. Нейкія пьяныя людзі, якія прыязджаюць, каб набіць адзін аднаму пысы.

Аляксандр: Мы не любім неадэкватныя паводзіны.

— Нават на вашых выступах?

Аляксандр: Наша музыка як раз для таго і створана. Я, наадварот, не люблю, калі ахова не дае слэміцца альбо рабіць стэйдждайвінг, бо не разумее такіх рэчаў. Некалькі раз я звяртаўся да ахоўнікаў з просьбай не перашкаджаць канцэрту і нармальна ставіцца да людзей. Бо наша музыка не для КЗ «Мінск», дзе заведзена сядзець, пляскаць у далоні і дарыць кветкі. Яна для адрыву, для клубаў, альтэрнатывы! І калі людзі на нашых выступах адрываюцца, яны робяць гэта за свае грошы. І чаму нейкі там дырэктар вырашае, ці можна скочыць са сцэны, ці не? Канечне, на канцэртах прысутнічаюць неадэкватныя, бухія, і такіх трэба проста вывесці на вуліцу, падыхаць паветрам. Але часцей я сутыкаўся з сітуацыямі, калі чалавек быў адэкватны, а да яго ставіліся неадэкватна. У нас клубную культуру трэба яшчэ развіваць і развіваць.

Яўген: Канечне, важна і як самі людзі адносяцца да аховы. Быкаваць не трэба. Не бывае такога, каб ахова была ўся дрэнная, а людзі святыя.

IQ48

«Што карычневая чума, што чырвоная — адно і тое ж»

— Ці будзеце прэзентаваць сінгл на сцэне?

Аляксандр: Не, бо мы ўжо гралі гэтыя песні раней на сваіх выступах. Бліжэйшыя нашы канцэрты адбудуцца 13 лістапада, у Дзень студэнта, і 1 снежная, на антыСНІДаўскім фэсце. Дарэчы, мы аднойчы выступалі ў Светлагорску, таксама супраць СНІДу, і побач з памяшканнем натыкнуліся на падлеткаў, якія прымалі наркотыкі.

— А на 7 лістапада, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, выступаць будзеце?

Яўген: Не, мы супраць камуністаў.

Аляксандр: Мы не прывязваемся да ультрапалітычных поглядаў, у нас свая галава. Для нас што карычневая чума, што чырвоная — адно і тое ж.

Яўген: Ленінцы наш гурт дакладна не палюбяць.

— Але ж Беларусь часта называюць Савецкім саюзам…

Аляксандр: Хай называюць.

Яўген: Савецкі саюз не ў Беларусі, а ў галавах. Якая б сіла не ішла з розных арганізацый, ты ўсе роўна можаш застацца свабодным, бо табе ў галаву і сэрца ніхто залезці не можа. У мяне быў цікавы досвед наконт усяго такога. Я працаваў у арганізацыі, дзе ўсе баяліся не падпісацца на адну газету. І аднойчы я адмовіўся яе выпісваць, не таму, што не падабалася, — грошай не хапіла. І ўсе мне сталі казаць: «Ты што, усе падпісаліся, адзін ты застаўся, цябе пакараюць!» І што мне было? Нічога, застаўся працаваць далей.

Аляксандр: Наш гурт не падтрымлівае палітыкі.

Автор: / Ultra-Music

Фото: Александра Литвинчик

Группы: