У жвавых рытмах госпелу!..

Ва ўсёй Беларусі вядомы толькі адзін калектыў, які грае музыку ў стылі госпел. Карэспандэнт газеты «Звязда» пазнаёміўся з Gospel-бэндам імя Форэста Джорджавіча Гампа і даведаўся, за што беларускія дзяўчаты так палюбілі балахоны і афра-амерыканскія матывы.

Gospel-бэнд им.Фореста Джорджевича Гампа

— Ведаеце, «Форэст Гамп» — выдатнае кіно, а Том Хэнкс, выканаўца галоўнай ролі, — адзін з маіх любімых акцёраў, але на стварэнне нашага калектыву фільм ніяк не паўплываў, — уводзіць у курс справы Вольга Абрамчук, адна з удзельніц ансамбля. — З выбарам назвы ўсё адбылося спантанна. Амаль год таму Аляксей Грынчык, наш сябар і ідэйны натхняльнік ансамбля, на першай рэпетыцыі прапанаваў назвацца ў гонар кінагероя Форэста Гампа. Мы і пагадзіліся.

Акрамя Вольгі, у вакальным квартэце спяваюць яшчэ тры дзяўчыны: Дзіна Багданец, Дар’я Шабуня і Юлія Джазаева. Для кожнай з іх — музыка не проста хобі, а справа, якой яны прысвяцілі гады заняткаў у музычных школах, вучылішчах і ўніверсітэтах. Кажуць, што ў калектыве сустрэлі не толькі аднадумцаў, але і сапраўдных сябровак. Таму і на многія пытанні дзяўчаты адказвалі разам.

— Напачатку з’явілася ідэя спяваць госпел, а ўжо пасля мы пачалі шукаць вакалістаў. Тлумачылі, што гэты праект не толькі вакальны, але і гумарыстычны. І элементы жартаў у нашай творчасці таксама прысутнічаюць.

— Госпел — жанр духоўных песнапенняў. Але мы ніколі не атаясамлялі сябе з царквой, дзе працуюць госпел-хоры. У стылістыцы госпела мы спяваем творы нерэлігійнай тэматыкі. Вырашылі не закранаць тэму рэлігіі, бо гэта асабістая справа кожнага.

— Нягледзячы на гэта, жанр усё роўна патрабуе добрай вакальнай падрыхтоўкі…

— Менавіта таму калектыў спачатку меў больш выканаўцаў. Аднак цяпер засталіся тыя, хто можа цягнуць агульную лямку і разам развівацца.

— Дарэчы, вашы прыгожыя блакітныя балахоны — гэта таксама частка стылю?

— Безумоўна. Іх літаральна за тыдзень пашыла наша сяброўка — дызайнер і мадэльер Кацярына Бабічава. Яна зрабіла тое, з чым не магло справіцца сталічнае атэлье на працягу трох месяцаў.

— І якая была рэакцыя публікі?

— На адным з вяселляў мы выступалі ў якасці падарунка. І калі моладзь мы задаволілі, то запрошаныя бабулі і дзядулі ўсё ніяк не маглі зразумець, адкуль такія «дзівачкі» ўзяліся.

— Дарэчы, мой знаёмы рэкламаваў вас як калектыў, які вельмі запатрабаваны на вяселлях і вечарынах…

— Што тычыцца вяселляў, мы згаджаемся не заўсёды. Пераважна дапамагаем нашым сябрам, знаёмым, якія ладзяць на прыродзе выязныя рэгістрацыі шлюбаў. Адмаўляем у тых выпадках, калі людзі прапануюць спяваць тое, што мы не выконваем. Напрыклад, шансон.

— Напачатку слухачы нас не вельмі разумелі. Калі мы выходзілі на сцэну ў балахонах, яны думалі, што мы адразу пачнём істэрыць і крычаць «Алілуя!». А гэта насамрэч, як мы ўжо казалі, проста стылістыка. З-за гэтага нам прыйшлося крыху «змякчыць» рэпертуар і пачаць выконваць у сваёй апрацоўцы вядомыя хіты. Праўда, з часам мы ўсё роўна хочам вярнуцца да той музыкі, з якой пачыналі.

— Якое з выступленняў вам найбольш запомнілася?

— У падземным пераходзе станцыі метро «Кастрычніцкая». Уявіце, якая акустыка ў пераходзе! Было неверагодна! Спявалі там гадзіну і сабралі сапраўдны аншлаг. Менавіта тады прыйшло адчуванне, што мы — сапраўдны калектыў. Да нас падышла выкладчыца музыкі, якая сказала, што тое, што мы робім, проста цудоўна.

— Дык можа з пераходаў варта перайсці, напрыклад, на тэлебачанне і паспрабаваць сябе ў тэлешоу?

— Мы не маем у гэтым унутранай патрэбы. І, шчыра кажучы, нам гэтага не хочацца. Добра, калі ты падабаешся журы, аднак на тэлепраектах усё суб’ектыўна. І калі нехта кажа на ўсю краіну, што ты слабы, так пра цябе пачынаюць думаць усе.

— У такім разе, да чаго вы імкняцеся?

— Збіраемся прыдумаць яшчэ адзін тып выступленняў, даць сольны канцэрт і надалей развівацца, рэпеціраваць.

— А можа, напішаце ў Амерыку ліст да Тома Хэнкса, каб ён даведаўся пра існаванне ансамбля імя Форэста Джорджавіча Гампа?

— Добрая ідэя, бо ў любым выпадку прыемна, калі цябе ведаюць за акіянам. Праўда, для нас гэта не самамэта, а, хутчэй, проста добры бонус.

Источник: Звязда

Группы: