Напярэдадні вялікага канцэрту гурта FolkRoll і Насты Някрасавай у канцэртнай залі «Мінск» Ultra-Music паразмаўляў са спявачкай пра гісторыю стварэння гурта, асаблівасці кожнага яго ўдзельніка і складанасці рэпетыцый на адлегласці.
Размова адбылася 21 студзеня, а 22 студзеня ў Насты на тэлефоне стаяла нагадванне, пра тое, што кампазітар, гітарыст і аранжыроўшчык гурта Павел Рыжкоў павінен вярнуцца ў гэты дзень з войску.
— Яго забралі ў 2010 годзе, праз тры дні пасля таго, як мы ў студыі ў Варшаве найгралі дыск «Вір». І вось толькі зараз ён мусіў вярнуцца. Але так атрымалася, што Павел быў у войску нават не цэлы год і вярнуўся раней, бо войска моцна падкасіла яго здароўе. Таму я жадаю ўсім, каб яны ішлі несці службу толькі па асабістаму жаданню. Кожны павінен займацца сваёй справай: як музыка павінна быць прафесійнай, так і армія.
— І вы ўвесь гэты час працавалі без Паўла?
— Так, мы рыхтавалі дыск увесь час, пакуль Павел быў у войску. Няшмат гуртоў у Беларусі можа пахваліцца тым, што вытрымалі цяжкія часы. У нас была такая сітуацыя, калі я з’ехала вучыцца ў Варшаву, Павел застаўся, і, неўзабаве, яго забралі ў войска. Але мы перажылі гэтыя часы і, больш за тое, гурт толькі ўзмацніўся.
Павел з’яўляецца нашым правадыром, ён выконвае ролю такой духоўнай сярэдзіны: ад яго ідзе настрой, усе эмоцыі. Ягоная весялосць, пазітыўнае стаўленне да жыцця вельмі дапамагаюць у працы.
— Але, апроч вас дваіх, ёсць яшчэ іншыя музыкі ў FolkRoll…
— Кожны ў гурце мае сваё слова. Бо гурт — гэта гурт. Хоць я і з’яўляюся тварам і голасам FolkRoll, але ў самім гурце я — толькі маленькая частка.
Аляксандра Чахоўская, наша скрыпачка, ў гэтым годзе ўдзельнічала ў праекце I, Culture Orchestra. Ён створаны для маладых музыкаў з Усходняй Еўропы. У тым годзе аркестр выступаў на лепшых пляцоўках Свету: і ў Берлінскай філярмоніі, і ў Брусэлі, Лондане, Стакгольме, Мадрыдзе… У гэтым праекце ўдзельнічалі восем маладых беларускіх музыкаў, у тым ліку наша Саша.
«Фолькролаўскія» музыкі ўвесь час знаходзяцца ў музычным працэсе, вучацца і актыўна ўдзельнічаюць у музычным жыцці. Вось наша альцістка Кацярына Клімовіч нядаўна вярнулася з Германіі.
Цікавая постаць у нашым гурце — кларнетыст Валеры Алешка. Калі мы, напрыклад, робім рэпетыцыі, а 8 раніцы, ён не кладзецца спаць, бо баіцца праспаць. Чым ён займаецца ў жыцці — нават ня ведаем. Плануем, калі заробім шмат грошаў, то ноймём дэтэктыва і справа праясьніцца (смяецца).
Кантрабасіст Дзмітры Буянаў — чалавек-адказнасць, разважлівая частка нашага гурта. Ён самы дарослы сярод нас, вельмі адказны і зарабляе музыкай на жыццё. Хоць у Беларусі гэта амаль немагчыма, таму вельмі шмат музыкаў з’язджае за мяжу ў пошуках заробку.
Пакуль Павел быў у войску, ягоны лепшы сябар Яўген Белановіч граў з намі некалькі канцэртаў. Вельмі няпроста ўцягнуць у нашую праграму новага чалавека, але ён не пабаяўся і ўліўся ў гурт. І мы так пасябравалі, што цяпер граем разам і з Яўгенам.
Яшчэ адзін наш сябар малады кампазытар Дзяніс Орсік напісаў для нас твор. Мы яго ўжо выконвалі і жадаем далей супрацоўнічаць з Дзянісам.
Нашая вялікая фанатка Марына Апановіч, якая некаторы час таму пачула FolkRoll, цяпер сама стала часткай гурта. Таму мы цяпер маем два кантрабасы! А для Паўла зявілася новая «праблема»: ён мусіць пісаць творы на два кантрабасы (смяецца).
— Вас можна цяпер прадстаўляць як «Наста Някрасава і аркестр FolkRoll»!
— Ну, так, ужо атрымліваецца восем чалавек (смяецца). Гэта ўвогуле добрая тэндэнцыя, бо нараджаюцца дадатковыя думкі, якія дазволяць гурту развівацца ў новым накірунку.
У першым складзе нашага гурта былі яшчэ Глеб Анішчанка і Філіп Бяляўскі, з якімі мы паехалі на наш першы фэстываль Mikołajki Folkowe. Публіка зрэагавала вельмі добра, а нам далі трэцяе месца. Мы і зараз сябруем з хлопцамі, яны маюць свае праекты.
Там дзе я вучуся зараз (у Варшаўскім Інстытуце Музыкалогіі), малады кампазітар Матэуш Рэтнер прапанаваў напісаць для нас твор. Для яго гэтая такая цікавасць: як будзе гучаць ягоная музыка ў беларускім кантэксце. Усё ж школы нашыя розныя, адрозніваюцца як падыходы, так і асяроддзе.
— З чаго ўвогуле пачалося жыццё гурта FolkRoll?
— Калі я яшчэ вучылася ў вучэльні імя Глінкі, я пачула, як Павел аднойчы выступаў на адным конкурсе і спяваў сваю песню па-беларуску. Гэта быў адзіны нумар па-беларуску на тым конкурсе. Я падыйшла да яго падзякваць, а потым мы проста бачыліся ў вучэльні. Там увогуле вельмі добрая атмасфера для маладых музыкаў, якая спрыяе таму, каб людзі знаёміліся, кантактавалі.
Але ўсё пачалося з таго, што я хадзіла на заняткі да кампазітара Алега Барысавіча Соніна. Гэта быў адзін з нешматлікіх музыкаў, які прэзентаваў нам сучасную заходнюю музыку: Пендэрэцкі, Шёнберг… Усё гэта я пазнала дзякуючы яму. Я слухала тады Шнітке і падумала, што хацела бы быць у той музыцы, але, захоўваючы беларускасць, спалучыць фальклор з ёй. Неяк я распавяла гэта Паўлу, і ён адразу напісаў першы твор «Пойду жы в лес». з ёй мы выступілі на вечары майго выкладчыка Алеся Ўладзіміравіча Рашчынскага. Ён сказаў тады, што гэта вельмі доўгі твор, а Сонін падыйшоў і заўважыў, што твор не можа быць доўгім, бо твор цягнецца столькі, колькі патрэбна. І мы зразумелі, што гэта наш кірунак. Гэты твор так і застаўся ў нас, і на дыску мы яго прысьвяцілі нашым бацькам.
— Як зараз жыве гурт, улічваючы, што вашыя музыкі часта ў раз’ездах, а ты навучаешся ў Польшчы?
— Мы рэпетуем на адлегласці. Гэта нашая рэальнасць, на якую мы пагадзіліся. У гэтым, безумоўна, ёсць свае мінусы. Апроч усіх перашкодаў, што ставіць нам жыццё, ёсць яшчэ перашкода адлегласці. Але, калі мы не можам змяніць сітуацыю, мы можам змяніць стаўленне да яе.
Такая гісторыя нават на прасторы беларускай музыкі не адзінкавая. Вераніка Круглова так працуе. Ці, напрыклад, гурт Bosae Sonca рыхтуе свае песні, рэпетуючы на адлегласці. Ці Unlimited Trio, у якіх спачатку адзін музыка з’ехаў у Чэхію вучыцца, потым, праўда, другі і трэці таксама паехалі, і яны ўжо могуць займацца музыкай разам.
У праекце R.U.T.A. усе музыкі ўвогуле з розных месцаў: адзін жыве ў Лодзі, другі ў Любіне, трэці ўвогуле ў 400 км ад Варшавы. Мы толькі зрэдку з’язджаемся і граем разам. Такая сітуацыя ў польска-ўкраінскім праекце DagaDana: Дана з Львову, а музыкі з розных польскіх гарадоў.
— Як адбываецца адбор песняў? Фолькавы пласт вельмі вялікі. Чаму тыя ці іншыя песні трапляюць у ваш рэпертуар?
— Мы працуем як з аўдыё-запісамі, так і з песнямі з кніг і падручнікаў, інтэрпретуем іх па-свойму. Напрыклад, тая першая песня «Пойду жы в лес» з экспедыцыі Івана Іванавіча Кірчука «Століншчына».
Мы былі і самі ў экспэдыцыях, але адтуль яшчэ твораў не распрацоўвалі. Мо гэта стане канцэпцыяй наступнага дыску…
— Для мяне было вельмі істотна, што ўсе песні з вашай плыткі былі мне не вядомыя, я ня чуў іх у іншым выкананні… Бо надакучылі гэтыя бясконцыя інтэрпретацыі «Касіў Ясь канюшыну…»
— Вось, напрыклад, у праекце R.U.T.A. na Wschód мы супрацоўнічаем з украінскім гуртом «Гуляйгорад». Яны часта выязджаюць у экспедыцыі, збіраюць песні. І яны не выконваюць, напрыклад, песен, якія былі выдадзеныя іншымі гуртамі. У гэтым, апроч усяго, ёсць і своеасаблівая місія: яны рэканструююць песні, самі іх знаходзяць, вывучваюць, выдаюць. І я з гэтым згодная: трэба рабіць сваё, шукаць новыя песні. Бо іх, насамрэч, вельмі шмат.
— Ці ўжо плануеце, што будзе ў вашым другім альбоме?
— Мы пакуль працуем у сваім рытме. Канцэптуальна ідэя новага альбому яшчэ не паўстала. А гэта галоўнае — спачатку павінна прыйсці ідэя!
— Да вялікага канцэрту ў Мінску застаецца зусім няшмат часу. Што будзе на ім?
— Будзе добрая музыка!