IQ48 «Зрабі сам»

«Зрабі сам» — гэта так, быццам бы да вас у госьці прыйшлі музыкі з IQ48 і пачалі граць канцэрт у вас на кухні. Усё тыя ж знаёмыя і любімыя песьні, толькі без электрычных гітар і гучных бубнаў.

Калі пры словах «анплагд» вы ўяўляеце Курта Кабэйна ў атачэньні кветак і сьвечак, і чуеце як «Pennyroyal Tea» і «On A Plain» пераўтвараюцца зь цяжкага гранжу ў мілыя баляды, то ад IQ48 чакайце на іншае. Бо ў гурта і настрой зусім іншы — калі трэк лірычны ён такім і застанецца, а калі вясёлы… Ну вы ўяўляеце «Вясну-красну» ці «Зрабілі мой клён» ў запаволеным сумным варыянце?

На «акустыцы» ніякага саксафона — яго замяняе другая гітара (і варта зазначыць, што ўсе старыя партыі гучаць ня горш — проста інакш), больш выразны бас, звонкая акустычная гітара і сапраўдны жывы вакал Эша. Старыя песьні гучаць усё ж па-новаму — і гэта цікава!

Гурт сапраўды зрабіў усё сам: гараж пры студыі «Таксафон», аздоблены тканінай і мастацкімі артэфактамі Буззы, пераўтварыўся ў маленькі рок-клюб, свае апэратары і гук, самастойнае зьвядзеньне і рэліз, а побач — толькі сябры. І гэта можа цяпер пачуць кожны :)

Упершыню напісана як камэнтар на сайце Experty.by.

Автор: / Ultra-Music

Группы: