Port Mone — неверагодны гурт. Іхны інструмэнтальны мінімалізм нараджае багацейшы музычны матэрыял, які бы стаў выдатным гукавым аздабленьнем якой-небудзь арт-хаўзнай псыхалягічнай драмы.
Ірваныя нэрвовыя мэлёдыі («Cold Water», «Underwater Cavern», «Sea») ствараюць атмасфэру знаходжаньня ў закінутай баржы, дзесяткамі гадоў прыкаванай да берагу і ахінутай водамі халоднага Паўночнага мора (і адразу думаеш: напэўна, таму яны і Порт Моне). А задуменныя спакойныя матывы («Tuna», «Sand Spit»), быццам бы штыль, спыняючы напружаную зачараванасьць, паглыбляе ў летуценныя мары. І ўсё разам гэта гучыць учэпіста, не даючы засумаваць ні на хвіліну.
Толькі пры напісаньні гэтых радкоў я зьвярнуў увагу на назвы песьняў — яны, насамрэч, перадаюць тыя пачуцьці і малюнкі, якія будуюцца перад вачыма, калі слухаеш творы гурта.
А яшчэ цудоўна, калі гурт так фантастычна гучыць ня толькі на запісах, але і ў жывую. Канцэрты гурта, як гіпнатычны сэанс, пагружаюць у няісныя ляндшафты музычных мэтафараў гурта.