30 траўня ў фінальным канцэрце сэзону праекту «Жывы Тузін» ў Loft café адбудзецца канцэрт гуртоў Tonqixod і Sciana.
Імпрэза 30 мая атрымала назву ў гонар новай песні гурта Sciana «Новая хваля». Зараз берасцейцы сканчаюць працу над студыйным альбомам, а таксама здымаюць кліп на адну зь песень ды рыхтуюць цікавы дуэт. На сваім рэдкім канцэрце ў Мінску ў межах праекту «Жывы Тузін» яны прадставяць праграму з зусім свежых і вядомых твораў, якія цяпер гучаць у новых аранжыроўках. Sciana цяпер спалучае рок-гучанне з электроннай музыкай.
— Гэта будзе наш фірмовы кактэйль з драйву, энергіі ды палескага задору, якога хопіць на ўсіх. Мы можам сказаць смела, што нам не сорамна за тыя творы, якія маем, бо мы выступаем за якасную беларускую, а значыць беларускамоўную, культуру, — заяўляюць музыкі.
Гэтым летам гурт будзе святкаваць ужо 14-ты год нараджэння. Іх песні неаднойчы ўздымаліся на першыя прыступкі ў чарце на «Тузіне Гітоў». Сярод дасягненняў — перамога на «Басовішча-2003», прыз, як найлепшаму рэгіянальнаму гурту на «Рок-каранацыі-2006», галоўны прыз на буйным польскім фэсьце Rock Noca-2011.
У канцэрце 30 мая таксама возьме ўдзел гурт Tonqixod, які прадставіць публіцы сваю дэбютную праграму. Лідар праекту Ўладзь Лянкевіч кажа, што граюць яны ў стылі «ар’ергард» і ўдакладняе: «У складзе нашай каманды тры чалавекі з вялікай разбежкай у густах і прэферэнцыях, што ў выніку выліваецца ў адметнае гучанне каманды. Я не вялікі тэарэтык, але можна сказаць, што ў самым шырокім сэнсе ў нас атрымліваецца арт-рок». Гурт сабраўся два гады таму, але актыўна стаў выступаць толькі сёлета. Музыкі раяць слухаць іх менавіта ўжывую, бо «наяўныя дэмкі аніяк не перадаюць атмасферы жывога выступу з заўважным імправізацыйным элемэнтам».
Квіткі: 80 000. Квіткі можна набыць у касах kvitki.by і непасрэдна ў клубе перад канцэртам. Замовіць столік: +375 29 3800010. Даведкі: +375 29 6872093.