6 верасня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам пройдзе VI фолк-фестываль «Камяніца». Удзельнікі: Алег Скрыпка (Украіна), «Троіца», Kriwi, Šuma, Re1ikt, «Рада», «Горынь», «Ягорава гара», фолк-тэатр «Яварына» (усе — Беларусь), «Отава Ё» (Расія), Ahmed Má Hlad (Чэхія), Bandurband (Украіна), Karolina Cicha & Bart Pałyga (Польшча).
Акрамя гэтага гледачоў чакае кірмаш традыцыйных рамёстваў, старадаўнія танцы і гульні, а таксама выставы, майстар-класы і нацыянальныя стравы ад лепшых шэф-кухараў. Як і раней, уваход для гледачоў у беларускіх нацыянальных строях будзе бясплатным. Мужчынскі строй мусіць складацца з галаўнога ўбора, кашулі, поясу, нагавіцаў, камізэлькі. Жаночы касцюм — з галаўнога ўбора (акрамя дзяўчат), спадніцы, фартуха, кашулі, поясу. Абутак у абодвух выпадках можа быць сучасным.
Квіткі: 60 000. Квіткі прадаюцца праз сістэму ByCard. Грошы ад квіткоў дапамагаюць рэканструкцыі і захоўванню экспанатаў Музея народнай архітэктуры і побыту. Даведкі: +375 33 6738397.