Паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі «Музыкасловы»

1 кастрычніка ў Музеі Янкі Купалы адбудзецца паэтычны канцэрт да Міжнароднага дня музыкі «Музыкасловы».

Паэтычны канцэрт «Музыкасловы» з’яўляецца працягам штогадовага праекта на сумежжы сучаснай музычнай і вершаванай творчасці. Першая імпрэза, «Рытмы і рыфмы», праводзілася 20 мая 2010 года і прадстаўляла беларускую бардаўскую песню ў трох розных стылях у выкананні творцаў трох розных пакаленняў (Таццяны Беланогай, Юрыя Несцярэнкі, Віктара Шалкевіча).

«Музыкасловы» маюць на мэце прадэманстраваць найноўшыя паэтычныя і музычныя практыкі, а таксама ўзаемаўплывы розных відаў мастацтва. Напрыклад, паэзія пашырае свае магчымасці дзякуючы адмысловаму артыстычнаму выкананню аўтара (з элементамі перфомансу, слэму). Музыка ўзбагачаецца новымі разнастайнымі кірункамі і спосабамі гукаатрымання.

Удзельнікамі імпрэзы стануць музыкі:

  • гурт B_SIDE з прэзентацыяй новага альбома Smooth Season
  • гурт «Інфрачырвоны выдых»
  • Паша Кузіч
  • Спецыяльны госць — гурт «Нельга забыць»

Таксама адбудуцца:

  • Прэзентацыя кнігі Віктара Слінко «Арахна»
  • Галасавая паэзія Дзмітрыя Строцава
  • Слэм-паэзія Віталя Рыжкова
  • Новы твор Арцёма Кавалеўскага — прэзентацыя свежага нумара часопіса «Маладосць»
  • Музыкасловы Аляксея Талстова
  • Сюрпрыз-паэзія Віктара Лупасіна
  • Паэзія Кацярыны Зыкавай
  • Паэзія Георгія Барташа

1 кастрычніка, Музей Янкі Купалы (вул. Янкі Купалы, 4). Пачатак у 18:00. Уваход па квітках у музей (3 000).